Лукашэнка: Я вам клянуся, што быў пасярэднікам між Бушам і Хусэйнам

20.10.2012 / 11:27

Аляксандр Лукашэнка лічыць размовы аб дэмакратыі шырмай разбойных працэсаў Захаду. Такое меркаванне ён выказаў у інтэрв’ю брытанскім СМІ: газеце «Індэпэндэнт» і тэлеканалу Бі-Бі-Сі.

«Якая дэмакратыя сёння ў Іраку, калі там кожны дзень выбухаюць бомбы і сотні людзей гінуць, а яшчэ горш — калекамі тысячы застаюцца?! А колькі было знішчана!

Якая дэмакратыя? Каму яна патрэбна? Ды не ў дэмакратыі справа. Ірак трэба было раздзяліць, нафта патрэбна была
. Каму гэта сёння незразумела? Аб дэмакратыі тут размовы быць не можа!» — мяркуе Лукашэнка.
«Гэта сцяг, гэта шырма, прыкрыццё гэтага разбойнага працэсу, вось гэтая дэмакратыя, размовы аб дэмакратыі», — дадаў ён.

«Або вазьміце Лівію. Вось захацелі дэмакратычная Францыя, Вялікабрытанія і іншыя, сабраліся — і разбамбілі. А за спіной стаяла Амерыка, — працягнуў Лукашэнка. — А вы праўду сказалі аб Лівіі, тое, што адбываецца?»

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што добра ведае пра тое, што адбывалася знутры ў гэтых дзяржавах, быў у пэўным сэнсе ўцягнуты ў канфлікт у Іраку і больш -- у Лівіі.

«Я ўжо не хачу цяпер расказваць, як пасланцы з Амерыкі перад крызісам у Іраку да мяне прыязджалі і прасілі мяне, каб я сказаў, што ў Іраку ёсць ядзерная зброя. Я ім сказаў — не.
І нават прапаноўвалі, што з Беларуссю будзе ўсё добра: і інвестыцыі, і іншае, толькі падтрымай. І я кажу: „Я не магу гэта зрабіць, бо ведаю, што там зброі няма“, — распавёў Аляксандр Лукашэнка. — І, размаўляючы з Хусейнам тады, я ім сказаў, што Хусейн гатовы дамаўляцца і па нафце — а вы хочаце там нафту, і па іншых пунктах, толькі не бамбіце краіну, не разбурайце яе. І ён гатовы паказаць, і паказваў усе гэтыя пункты».

«Гэта значыць, я фактычна апынуўся пасярэднікам паміж амерыканцамі і Іракам, Хусэйнам. І я ім гэта паказваў, расказваў.

Мне адказ быў такі: „Мы вам верым. Але ваенная машына ўжо настолькі раскручаная, яна настолькі ўжо інэрцыйная, што яе спыніць нельга“.
Я вам клянуся, што такая была размова, і да мяне прыязджаў чалавек, і мы з ім вось у гэтай рэзідэнцыі абмяркоўвалі гэта пытанне», — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка не назваў імені таго эмісара, з якім, нібыта, абмяркоўваў ірацкае пытанне.

«Тое самае і па Лівіі. Навошта бамбілі Лівію? Чаму Сарказі гэта зрабіў? Можа, таму што 150 мільёнаў даляраў атрымаў толькі ад Кадафі, не кажучы пра яго сыноў? І пра гэта мне Кадафі ў апошні візіт казаў.

Ён мне прапаноўваў: «Я, — кажа, — табе дапамагу нармалізаваць адносіны з Еўропай». Я кажу: «Муамар, ты сам разбярыся з Еўропай». — - «У мяне там усё добра (тыпу, у мяне, па-руску кажучы, усё схоплена)»
. І ён мне тады распавёў аб адносінах з Сарказі. Я не ўвязваўся ў гэтую прэзідэнцкую кампанію ў Францыі і не казаў пра гэта. Але я потым сказаў, што гэта не 50 мільёнаў, а гэта было 150 мільёнаў, якія непасрэдна даў яму на перадвыбарчую кампанію, і не толькі Кадафі. Потым, ён мне сказаў: «Я ўжо не лічу тое, што мае дзеці яму дапамаглі», — адзначыў Лукашэнка.

Лукашэнка не патлумачыў, адкуль у Кадафі і сыноў маглі быць такія грошы ва ўласным распараджэнні.

«Як я павінен гэта разумець? Якая ж у вас там дэмакратыя?» — дадаў Лукашэнка.

«Усё залежыць ад камбінацый, ад схем, — лічыць ён. — І шмат фактаў таго, што рашэнне прымае адзін чалавек, і, прабачце мяне, пляваць на той парламент Вялікабрытаніі. Вазьміце Блэра ды іншых, калі разбамбілі Ірак. Што, грамадству Вялікабрытаніі і ўсяму парламенту гэта трэба было? Не. У грамадстве гучалі іншыя ноты, і ў Злучаных Штатах Амерыкі потым. Але ўсё роўна дабілі да ручкі краіну».