Мясніковіч: Мы зацікаўленыя ў высокапрафесійным, адказным парламенце

23.09.2012 / 14:55

Урад зацікаўлены ў высокапрафесійным, адказным парламенце, заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч 23 верасня ў Мінску, пасля галасавання на ўчастку № 514 па вуліцы Піянерскай, 37а.

Паводле слоў Мясніковіча, урад «дастаткова актыўна» супрацоўнічае з парламентам, таму што асноўныя ўмовы працы ўрада фарміруюцца заканадаўствам, якое якраз парламент і вызначае.

«Мы зацікаўленыя ў тым, каб парламент быў высокапрафесійны, адказны, для таго каб нам у пары працаваць над удасканаленнем эканамічных адносінаў, каб ініцыятывы, якія выносіць урад, падтрымліваліся, каб была адпаведная дыскусія, таму што дэпутаты прадстаўляюць усе слаі нашага грамадства. Думаю, у нас атрымаецца працаваць з новым складам парламента», — заявіў Мясніковіч.