Журналістаў не дапусцяць да месца палёту Пуціна: жураўлі не павінны бачыць людзей

Дадуць ці не дадуць Пуціну белы халат, шлем і дзюбу? Каб птушкі прынялі за свайго.

05.09.2012 / 20:30

Журналістаў не дапусцяць да месца правядзення палёту прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з чарадой жураўлёў-стэрхаў, паведамляе «Інтэрфакс», спасылаючыся на выканаўчага дырэктара Рабочай групы па жураўлям Еўразіі Алену Ільяшэнку.

«Не думаю, што да месца правядзення палёту падпусцяць журналістаў, бо жураўлі не павінны бачыць людзей», — сказала яна.

У сваю чаргу вядучы праграмы «У свеце жывёл» Мікалай Драздоў назваў шчасцем маючы адбыцца палёт Пуціна з жураўлямі:

«Цудоўна, што Уладзімір Уладзіміравіч пагадзіўся даць старт гэтаму ўнікальнаму пералёту. Мы ведаем, што ён узначальваў і выратаванне тыгра на Далёкім Усходзе. Гэта выдатныя справы. Гэта нас вельмі радуе. Гэта дае нам магчымасць адчуваць сябе яго паплечнікамі «, — сказаў ён.

Некаторыя СМІ таксама паведамляюць, што Пуціну выдадуць белы халат, шлем і дзюбу, каб жураўлі прынялі за свайго.
Праўда, у ахове прыроды гэту інфармацыю абвяргаюць.