Дзе-дзе? У Карагандзе

Першы энергаэфектыўны дом па беларускім праекце ўжо будуецца ў Карагандзе.

12.07.2012 / 17:15

У Казахстане пачалося будаўніцтва першага энергаэфектыўнага дома па беларускім праекце. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 12 ліпеня ў Мінску паведаміў дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Інстытут жылля — НДПТІБ імя Атаева» Уладзімір Піліпенка. Паводле яго слоў, праект быў распрацаваны ў 2011 годзе і прайшоў экспертызу ў Казахстане.

«Экспертыза праходзіла з цяжкасцю, паколькі мясцовыя будаўнікі не былі гатовыя да канструктыўных рашэнняў, даўно асвоеных у Беларусі», — сказаў ён.

Першы энергаэфектыўны дом будуецца ў Карагандзе.

Акрамя таго, паводле слоў спецыяліста, у Казахстане сёлета прайшлі сумесныя нарады па пытанні пераймання беларускага вопыту ў індустрыяльным домабудаванні і будаўніцтве энергаэфектыўнага жылля.

Як паведаміў першы намеснік дырэктара прадпрыемства Леанід Данілеўскі, беларускі вопыт пераймаюць і ў Расіі. Паводле яго слоў, распрацаваны праект будаўніцтва дома ў Белгарадзе. Яго рэалізацыя таксама пачалася сёлета.