Выйшаў новы гістарычны альманах

«Верхняе Панямонне»: сур'ёзныя даследаванні замяняюць аматарскае краязнаўства.

11.05.2012 / 15:22

«У сувязі з крызісам традыцыйнага краязнаўства, якое звялося да перапісвання даўно вядомых з літаратуры звестак… паўстае неабходнасць даследавання мясцовай гісторыі з апорай на першакрыніцы і выкарыстаннем навуковага апарату і падыходаў. Такі напрамак, усё больш папулярны ў апошні час, вызначаецца як «лакальная гісторыя», — піша рэдактар-укладальнік альманаха «Верхняе Панямонне», гісторык Зміцер Віцько. Ён належыць да генерацыі «трыццацігадовых гісторыкаў», якая плённа працуе ў апошнія гады.

У першым выпуску выдання, большасць матэрыялаў прысвечана гісторыі Новага часу. Тэрытарыяльна гістарычныя артыкулы і апублікаваныя архіўныя крыніцы адносяцца да гісторыі Стаўбцоўшчыны.

Рэдакцыя заахвочвае таксама публікаваць матэрыялы з іншых рэгіёнаў Панямоння — Карэліцкага, Уздзенскага, Дзяржынскага, Валожынскага з Івянцом і часткова навагрудскага з Любчай раёнаў.

Гісторык Андрэй Латушкін у сваім артыкуле вызначае дакладную дату заснавання Стоўбцаў,

Дзмітрый Крывашэеў піша пра тое, як Радзівілы гаспадарылі ў Налібоцкай пушчы,
Сяргей Грунтоў апісвае каталіцкія могілкі мястэчка Новы Свержань, даючы фота найцікавейшых надмагілляў і спіс выбраных эпітафій, а Зміцер Віцько і Яніна Пушкіна даследуюць мікратапаніміку вёскі Аталезь і ваколіцаў.
Друкуецца шэраг цікавых архіўных дакументаў — перапіска Радзівілаў часоў Вялікай Паўночнай вайны, рэвізія пушчаў, галерэя старых фота Стоўбцаў.

Альманах выйшаў накладам 299 асобнікаў, ён ёсць у кнігарнях і ў незалежных распаўсюднікаў.

Зацікаўленым гісторыяй Стаўбцоўшчыны варта парупіцца, каб здабыць яго.

СМ