З Віктарам Януковічам 9 мая здарыўся чарговы канфуз — відэа

Украінскі прэзідэнт няправільна прачытаў тэкст выступу. І ў выніку «звінаваціў» ветэранаў у дапамозе фашызму.

10.05.2012 / 20:02

З украінскім прэзідэнтам Віктарам Януковічам адбыўся чарговы канфуз падчас выступу з нагоды Дня перамогі, паведамляе «Украінская праўда».

Гэта відаць з відэа, апублікаванага ў эфіры канала ТВi.

Януковіч чытаў сваю прамову з паперкі і няправільна расставіў паўзы ў тэксце выступу.

Звяртаючыся да ветэранаў, ён сказаў: «Вы прайшлі праз пекла вайны (паўза) З фашызмам да канца выконвалі свой абавязак перад радзімай».

Гэта значыць замест фразы «вы прайшлі праз пекла вайны з фашызмам» стваралася ўражанне, што ветэраны разам з фашыстамі «да канца выконвалі свой абавязак».