Сяргей Рублеўскі напісаў кнігу пра першыя на Беларусі акцыі маўклівага супраціву

Гэта гісторыя пра «лепельскіх маўчальнікаў» 1937 г., якія адмовілася адказваць на пытанні ўсесаюзнага перапісу.

04.10.2011 / 11:09

На мінулым тыдні вядомы віцебскі журналіст і літаратар Сяргей Рублеўскі прэзентаваў сваю новую кнігу «Маўчанне на ўвесь Божы свет». Твор прысвечаны маўкліваму пратэсту жыхароў Лепельскага раёна падчас усесаюзнага перапісу 1937 года.

У 1937 годзе ў СССР прайшоў перапіс насельніцтва, які потым быў прызнаны дэфектным, а супрацоўнікі ўпраўлення, якое праводзіла перапіс, рэпрэсаваныя. Падчас перапісу 230 чалавек з 52 сямей Стайскага і Пышнянскага сельсаветаў Лепельскага раёна адмовіліся адказваць на пытанні — у прысутнасці пераспісчыкаў яны зацята маўчалі.

Сяргей Рублеўскі вывучыў шэраг архіўных дакументаў, што асвятлялі перапіс 1937 г. на Лепельшчыне, а таксама сустрэўся з дзецьмі «лепельскіх маўчальнікаў». Гэтыя матэрыялы і былі пакладзеныя ў аснову кнігі «Маўчанне на ўвесь Божы свет».