КДБ абяцае ўзнагароду за інфармацыю пра тэракт

12.04.2011 / 16:18

Упраўленне ваеннай контрразведкі КДБ абяцае ўзнагароду за прадстаўленне звестак, звязаных з учыненым у панядзелак увечары тэрактам у мінскім метро,
перадае РИА «Новости».

«Асобам, якія прадставяць фота- і відэаздымку, зробленую напярэдадні, у момант або пасля выбуху, альбо звесткі аб падрыхтоўцы ці ўчыненні злачынства, гарантуецца канфідэнцыйнасць і адэкватнае ўзнагароджанне», — паведамілі ў КДБ Беларусі.

Пры гэтым у ведамстве нагадалі аб адказнасці за незаконнае захоўванне зброі і выбуховых рэчываў.

Нагадаем, сёння супрацоўнікі КДБ ужо прыходзілі ў рэдакцыю газеты «Наша ніва» з патрабаваннем даць фота- і відэаматэрыялы з месца выбуху ў мінскім метро.