Фотаробат меркаванага тэрарыста

Гэта мужчына каўказскага выгляду, у сіняй вязанай шапачцы з высокім адваротам. Арыенціроўка на яго разасланая ва ўсе аддзяленні міліцыі.

12.04.2011 / 16:12

Беларускае МУС падазрае ў датычнасці да выбуху мужчыны сярэдняга росту ў сіняй шапцы. Арыенціроўка на яго разасланая ва ўсе аддзяленні міліцыі.

Ва ўсе аддзяленні беларускай міліцыі паступіла апісанне тэрарыста і фотаробаты, складзеныя следствам пасля выбуху ў менскім метро, які забраў 12 чалавечых жыццяў.

-- Апісанне даволі скупое. Гэта мужчына каўказскага выгляду, у сіняй вязанай шапачцы з высокім адваротам.

Сведкі запомнілі, што падазроны мужчына быў апрануты ў дутую балоневую куртку цёмна-сіняга колеру, цёмныя нагавіцы, чорныя чаравікі. У руках у яго была вялікая спартовая чорная сумка.

-- На выгляд падазраванаму 25 -- 35 гадоў, ростам ён каля 175 см, сярэдняга целаскладу, -- працягвае крыніца ў беларускіх праваахоўных органах. -- Твар круглы, на шчаках шчацінне. Вось усё, што пакуль вядома пра злачынцу, які зладзіў гэтае пекла.