СМС-ка ад «Нашай Нівы» не прайшла цэнзуры АНТ

Лозунг «Свабоду палітвязням!» так і не з’явіўся ў эфіры.

31.01.2011 / 22:33

У новым ток-шоў АНТ «Адкрыты фармат» з’явіўся такі самы бягучы радок смс-паведамленняў ад гледачоў, як і ў «Выбары», што трапіў у апалу. У першую ж хвіліну эфіру на дзіва праскочылі абуранае «А кто ведушчіх одевал?» і іранічнае «Ермошіна не уходіт, і то хлеб:)».

Ледзь не паверыўшы ў свабоду слову на АНТ, карэспандэнт «Нашай Нівы» ўласнаручна адправіў дзвюхмоўнае смс-паведамленне: «Выборы прошли незаконно! Свабоду палітвязням!».
Такую крамолу АНТ-шная цэнзура пакуль так і не прапусціла. Затое пайшлі звыклыя: «Відімо, среді наблюдателей было мало честных людей», «Я голосовал за Лукашенко і за стабільность!», «На плошчаді было много пьяных, я там рядом жіву!» Перыядычна праскокваюць і скептычна-нейтральныя паведамленні кшталту «А где кандідаты?»

Тое, што цэнзура дае збоі, стала зразумела ў канцы перадачы, калі праскочыла абраза ў бок да супрацоўнікаў праваахоўчых органаў: «Еслі бы я пошел на плошчадь, то на стороне МЕНТОВ».

ВН