Лукашэнка не прыехаў у сабор, сустрэўся з Філарэтам у вузкім коле

У мінулыя гады у дзень Раства ён заўжды прысутнічаў на святочнай службе.

08.01.2011 / 00:28

Аляксандр Лукашэнка сёння не пабываў у Свята-Духавым кафедральным саборы. У мінулыя гады у дзень Раства ён заўжды прысутнічаў на святочнай службе. Гэтым жа разам ён унікнуў кантакту з народам.
Як паведамляе праваслаўны партал sobor.by, Аляксандр Лукашэнка павіншаваў мітрапаліта Філарэта са святам Нараджэння Хрыстовага ў ніжнім прыдзеле храма-помніка Усіх Святых, што на вуліцы Каліноўскага. Як паведамляецца, Лукашэнка і мітр. Філарэт запалілі свечкі каля абраза Раства, абмяняліся сціплымі падарункамі — мітрапаліт уручыў ікону святога Івана Прадвесніка, а Аляксандр Лукашэнка — напрастольнае Евангелле ў пазалочаным акладзе. Пасля гэтага яны паразмаўлялі за гарбатай у адміністратыўным будынку пры храме. Як паведамляе партал, Аляксандр Лукашэнка «отметил высокое качество работ по возведению храма, посвященного памяти всех безвинно убиенных в Отечестве нашем».

Перад 6 студзеня паведамлялася, што Лукашэнка наведае святочную службу. Няясна, чаму ён змяніў планы. Ён мог збаяцца абструкцыі вернікаў. Пасля 19 снежня вялікая група праваслаўных вернікаў выступіла з петыцыяй, што асуджае фальсіфікацыі на выбарах і паслявыбарчы гвалт. Нават афіцыйная газета Праваслаўнай царквы «Царкоўнае слова» апублікавала падборку лістоў з крытыкай масавых арыштаў пасля 19 снежня.

Мікола Бугай