Верх цынізму ад Лазавіка: Ніхто з кандыдатаў пакуль не абскардзіў вынікаў выбараў

21.12.2010 / 18:54

Ніхто з былых кандыдатаў у прэзідэнты пакуль не абскардзіў афіцыйных вынікаў выбараў. Пра гэта БелаПАН паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.

Паводле яго слоў, падаваць скаргу аб прызнанні выбараў несапраўднымі былыя кандыдаты ў прэзідэнты могуць не пазней чым на трэці дзень пасля выбараў, прычым асабіста. Акрамя таго, кандыдат можа аспрэчыць рашэнне Цэнтрвыбаркама ў Вярхоўным судзе на працягу дзесяці дзён.

«Думаю, скаргі ўжо наўрад ці паступяць», — выказаў меркаванне Лазавік.

Пры гэтым ён падкрэсліў: кандыдаты, затрыманыя падчас акцыі апазіцыі 19 снежня, наўрад ці маглі б разлічваць на задавальненне сваіх скаргаў. «Сваімі правакацыямі, наконт якіх іх папярэджвалі Цэнтрвыбаркам і Генеральная пракуратура, яны пазбавілі сябе статусу не толькі палітыка, але і добрапрыстойнага грамадзяніна», — дадаў сакратар ЦВК.

Нагадаем,

экс-кандыдаты Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч і Алесь Міхалевіч знаходзяцца ў следчым ізалятары КДБ.

У дачыненні да арганізатараў несанкцыянаванай акцыі распачата справа па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі). Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.