Пасля матча «Шэрыф» — БАТЭ асуджаныя на трое сутак 7 беларускіх заўзятараў

22.10.2010 / 15:00

Бел-чырвона-белыя сцягі на матчы.

На матчы групавога этапа Лігі Еўропы «Шэрыф» — БАТЭ, што прайшоў у Ціраспалі 21 кастрычніка, былі затрыманыя спецназам 15 беларускіх заўзятараў.

Нагадаем, што пасля таго як на 8-й хвіліне Сяргей Сасноўскі забіў гол, беларускія заўзятары запалілі на гасцявым сектары фаер. Пачалася бойка паміж фанатамі і спецназам.

Са стадыёна былі выведзеныя 15 беларусаў, якія потым правялі ноч у ціраспальскім пастарунку.

Сем чалавек атрымалі сёння па тры дні адміністрацыйнага арышту за дробнае хуліганства. Астатнія былі аштрафаваныя на 100 прыднястроўскіх рублёў (каля 10 даляраў) кожны.