Навальніца ў Лагойску

З дажджом, агнём, Вольскім і Грэбеншчыковым.

29.08.2010 / 09:14

27 і 28 жніўня ў Лагойску грымела «Навальніца». Менавіта так называецца фестываль музыкі і феерверкаў, які адбыўся тут ужо ў другі раз.

Пачыналася ўсё з дажджу...

... а працягнулася агнём!

Першы суботні феерверк.

На сцэне "Крамбамбуля".

Вольскі традыцыйна скарыў гледачоў.

Бліжэй ночы ля сцэны сабралася некалькі тысяч чалавек.

Барыс Грэбеншчыкоў.

"Акварыум". Шмат хто прыехаў у Лагойск менавіта дзеля яго.

Сёлетняя «Навальніца» добра нагадвала аднайменную прыродную з’яву. Асабліва ў першы дзень, калі амаль на працягу ўсяго вечара ішоў дождж. Таму шмат хто з уладальнікаў двухдзённых квіткоў вырашыў перанесці наведванне Лагойска на суботу.

І не прагадаў. У другі дзень фэсту дождж толькі напачатку псаваў настрой — ужо падчас выступу першай агнявой каманды неба амаль праяснілася.

А калі на сцэну выйшаў Лявон Вольскі з «Крамбамбуляй», каб прэзентаваць новы максі-сінгл, то мала што сонца не выглянула — настолькі пазітыўным быў выступ гурту. Без сумневу, «Крамбамбуля» новымі песнямі не пакіне на чутках аб развале камяня на камяні.

Пасля Вольскага былі новыя феерверкі, Барыс Грэбеншчыкоў і гурт «Акварыюм» і яшчэ шмат-шмат агню, дыму і выбухаў у небе.

«Навальніца» спадабалася добразычлівай аховай, адсутнасцю п’яных і надзвычай прыемнай публікай. Да мінусаў фестывалю можна аднесці хіба што абмежаванасць у перамяшчэнні па тэрыторыі для тых, хто меў квіток толькі на адзін дзень ды звычайныя ўжо для такіх мерапрыемстваў транспартныя праблемы. А таксама адсутнасць сярод каманд-канкурсантаў прадстаўнікоў Беларусі. Палякі, літоўцы і расіяне — гэта ўсё нашы суседзі і цудоўна, што яны прыязджаюць у Беларусь. Аднак беларускі фестываль без удзелу беларусаў — гэта як мінімум дзіўна.

Алесь Пілецкі