Мілінкевіч з нагоды газавага канфлікту заклікае да нацыянальнай еднасці

22.06.2010 / 21:37

Заява Аляксандра Мілінкевіча з нагоды абвастрэння супярэчнасцяў паміж афіцыйным Мінскам і Масквой

Апошнія падзеі вакол пытанняў запазычанасці Беларусі перад «Газпромам» і «Газпрому» перад Беларуссю адлюстроўваюць сур'ёзны крызіс у палітычных стасунках паміж кіраўніцтвам Беларусі і Расіі.

Узаемныя прэтэнзіі набываюць усё больш канфрантацыйны і небяспечны характар. Беларусі патрэбныя прагматычныя добрасуседскія і ўзаемавыгадныя адносіны з Расійскай Федэрацыяй, а не рэгулярныя сваркі, непрадказальнасць і канфрантацыя.

У той жа час, усім відавочная поўная нежыццяздольнасць пабудаванай у Беларусі камандна-адміністрацыйнай эканамічнай мадэлі ва ўмовах дзеяння нармальных рынкавых механізмаў і рэальных цэнаў на энерганосьбіты.

Толькі рынкавае рэфармаванне эканомікі і яе мадэрнізацыя з дапамогай цывілізаваных краінаў, найперш ЕС, дэмакратызацыя і павага да эканамічных, палітычных і грамадзянскіх правоў беларусаў, а таксама нацыянальная еднасць і згода здольныя стварыць трывалы падмурак для захавання незалежнасці і росквіту беларускай дзяржавы.

milinkevich.org