Прэзідэнцкая кампанія і расійскія грошы

Спадзявацца на расійскую падтрымку – маральна гібельна, а палітычна – інфантыльна. Каментар Рэдакцыі.

03.05.2010 / 21:18

Каментар Рэдакцыі.

Заява Аляксандра Мілінкевіча аб тым, што ён пойдзе ў прэзідэнты, дала старт рэальнай выбарчай кампаніі. Характэрна, што яе пачатак праходзіць пад акампанемент чутак аб упырску расійскіх грошай.

Ёсць лідэры апазіцыі — не Мілінкевіч — якія ці то маюць расійскую падтрымку, ці то хочуць яе атрымаць, ці то не маюць яе, але гэткім спосабам блефуюць.

Спадзявацца на расійскую падтрымку — маральна гібельна, а палітычна — інфантыльна.

Смешна, калі палітыкі, ужо лысыя, а паводзяць сябе як дзеці, наступаючы на тыя самыя граблі, што іхныя папярэднікі 9, 7 і 5 гадоў таму.

Калі палітык глядзіць у той бок, гэта паказвае: яго пазіцыі нястойкія. Гэта не лідэр для апазіцыі.

Гандаль з Расіяй, ва ўсіх сэнсах гэтага слова, — без таго не абысціся ні апазіцыі, ні любому будучаму кіраўніку Беларусі. Але ніякія таемныя дамовы з Масквой недапушчальны, яны гібельны для асобных палітыкаў, як яны былі б гібельны для краіны, калі б яны заключаліся ад імя краіны. Маскоўскія грошы стануць каменем, які пацягне гэтых палітыкаў на дно.

Рэд.