Андрэй Хадановіч. Сцёбныя паэты
19.04.2010 / 14:59
...сьцёбных паэтаў ганіце з нашай дзяржавы!..
Покуль валошкі цьвітуць над прорваю ў жыце,
слухайце, што кажу, ды іншым перакажыце!
Покуль небёсы блакітныя й смак вады не іржавы,
покуль зямля яшчэ круціцца песенькай Акуджавы,
сьцёбных паэтаў ганіце з нашай дзяржавы!
Покуль сонца белліту яшчэ ў зэніце —
прэч іх ганіце!
Покуль на вечарынах дзеўкі запальваюць сьвечкі —
ганіце прэчкі!
Лірыкі ад сахі й студэнткі-філалагіні,
прэч іх ганіце, іначай усё загіне!
Там, дзе сьвятое, дзе нашы душы рукаюцца,
гэтыя вырадкі мацюкаюцца!
Вершаў ня носяць ні ў «Маладосьць», ні ў «Полымя»,
толькі здымаюцца голымі!
Там, дзе пісалі крывёй аб галоўным,
весела клоўнам!
Ледзь залунае штандар Адраджэньня —
дулі ў кішэні!
Нашай дзяржаўнасьці першая спроба —
тэма для сьцёбу!
Гэта ня лечыцца, бл…ь!
Усіх расстраляць!
Выслаць усіх пажыцьцёва, але не ў Румынію,
каб не на Чорным моры згадвалі сінюю-сінюю!
Хай папакутуюць, хай папакуюць цёплыя рэчы,
а калі хто загнецца зусім, на сухоты хварэючы —
узгадаем няздару, які праваліў свой тайм,
і адзіны нясьцёбны верш яго прачытаем.
Адкаркуем бутэльку, закускі насмажым.
Пасядзім удваіх — і трэцяму падалькажым.