Лукашэнка дазволіў спатканне ў калоніі Анжалікі Борыс з журналістам Андрэем Пачобутам

Анжаліка Борыс сустрэлася ў калоніі з асуджаным на восем гадоў журналістам Андрэем Пачобутам — спатканне дазволіў Аляксандр Лукашэнка. Учора пра гэта Борыс распавяла на сустрэчы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам, піша Reform.news.

16.04.2024 / 09:44

Андрэй Пачобут у судзе. Фота: sb.by

Дуда сустрэўся з прадстаўнікамі праўлення закрытага беларускімі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі Анжалікай Борыс і Марэкам Занеўскім.

«Анжаліка Борыс паведаміла пра сустрэчу з Андрэем Пачобутам, які знаходзіцца ў зняволенні ў Наваполацкай калоніі, якая адбылася са згоды Аляксандра Лукашэнкі», — гаворыцца ў паведамленні канцылярыі.

Калі Борыс пабывала ў калоніі і бачыла Пачобута, у паведамленні не ўдакладняецца.

З актывістамі польскай меншасці ў Беларусі сустракаліся таксама дзяржаўны сакратар канцылярыі прэм'ер-міністра Анджэй Дэра і старшыня праўлення Фонду «дапамога палякам на Усходзе» Мікалай Фалькоўскі.

Андрэя Пачобута затрымалі тры гады таму, 21 сакавіка 2021 года ў Гродне. За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939-га яго абвінавацілі ў «распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце». У 2023-м вынеслі прысуд — 8 гадоў калоніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязня перавялі ў наваполацкую калонію № 1.

Знікла сувязь з Андрэем Пачобутам

Сваякі Андрэя Пачобута баяцца, што сітуацыя з пазбаўленнем яго перадач і спатканняў можа захавацца да 2028 года

Nashaniva.com