Суд у Маскве арыштаваў восьмага фігуранта справы аб тэракце ў «Крокус Сіці Холе»

Ён здаваў кватэру падазраваным у тэракце.

26.03.2024 / 13:08

Басманны суд Масквы па хадайніцтве следства арыштаваў Алішэра Касімава — яшчэ аднаго, восьмага, фігуранта справы аб тэракце ў падмаскоўнай канцэртнай зале «Крокус Сіці Холе», паведамілі «Інтэрфаксу» ў судзе.

Касімаў узяты пад варту на тэрмін да 22 мая, заявілі ў судзе ў аўторак. Пасяджэнне па хадайніцтве следства прайшло ў закрытым рэжыме.

Як вынікае са звестак, абвешчаных у судзе, Касімаў — 31-гадовы ўраджэнец Кыргызстана, які мае грамадзянства РФ, зарэгістраваны ў вёсцы Пуцілкава Краснагорскага раёна. Ён мае траіх малалетніх дзяцей, утрымлівае кафэ ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка.

Адказваючы на пытанне суддзі, ці зразумела яму абвінавачванне, Касімаў растлумачыў, што не знаёмы з абвінавачанымі ў здзяйсненні тэракту, і што ён шукаў кватарантаў. Пра планы тых, хто з ім звязаўся, ён не ведаў, падкрэсліў фігурант.

«Я не ведаў, яны, аказваецца, тэрарызм (плануюць). Я праз Авіта.ру напісаў, што мне патрэбны кватарант, хачу здаваць кватэру», — сказаў Касімаў у судзе.

Басманны суд раней арыштаваў семярых фігурантаў справы аб тэракце — пяцярых грамадзян Таджыкістана і дваіх ураджэнцаў Таджыкістана, якія маюць грамадзянства РФ. Прычым яны былі моцна збітыя.

Nashaniva.com