Ва Украіне ўшаноўваюць герояў Нябеснай сотні, якія загінулі 10 гадоў таму. Сярод іх два беларусы

Другі год запар ушанаванне памяці герояў Нябеснай сотні адбываецца ва ўмовах поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.

20.02.2024 / 13:22

Алена і Уладзімір Зяленскія. Фота: president.gov.ua

Ва Украіне 20 лютага — дзень памяці герояў, якія загінулі дзесяць гадоў таму ў часе масавых акцый пратэсту супраць адмовы ўладаў ад еўрапейскай інтэграцыі, піша Радыё Свабода.

У гэты дзень дзесяць гадоў таму ў выніку штурму сілавікі расстралялі 47 грамадзян. Усяго ахвярамі сталі 88 пратэстоўцаў, у тым ліку два беларусы — грамадзянін Беларусі Міхась Жызнеўскі (загінуў 22 студзеня 2014 году) і грамадзянін Украіны, этнічны беларус, колішні дэпутат парламента Якаў Зайко (памёр 18 лютага 2014 года ад інфаркту, калі ўцякаў ад беркутаўцаў на вуліцы Інстытуцкай у Кіеве).

Раніцай 20 лютага прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі разам са сваёй жонкай Аленай прыйшлі да Крыжа на алеі Герояў Нябеснай сотні ў Кіеве і паставілі свае знічы ў памяць загінулых. У цырымоніі ўзялі ўдзел акрэдытаваныя ва Украіне замежныя дыпламаты.

Крыж на месцы гібелі пратэстоўцаў на вуліцы Інстытуцкай (цяпер алея Герояў Нябеснай сотні) паставілі па ініцыятыве грамадскасці. У будучыні ён стане часткай Нацыянальнага мемарыяльнага комплексу герояў Нябеснай сотні — Музея Рэвалюцыі Годнасці.

Кожны год на месца гібелі актывістаў у 2013—2014 гадах звычайныя грамадзяне нясуць свае кветкі і ставяць знічкі. Аналагічныя мерапрыемствы 20 лютага адбываюцца ва ўсіх рэгіёнах Украіны.

Nashaniva.com