«Давай яго дачакаемся». Беларусы знялі сатыру на жонак мабілізаваных

Праект «ЧынЧынЧэнэл» выпусціў сатырычнае шоу пра жонак мабілізаваных «Давай его дождёмся». У першай серыі актрысы Алена Зуй-Вайцяхоўская і Нэла Агрэніч расказваюць, як «заставацца вернай сяброўкай і ідэальнай жонкай, калі вашага мужа паклікалі на святую спецаперацыю».

04.02.2024 / 13:22

Галоўныя гераіні праекта — вядучая Ангеліна Звездапад (Алена Зуй-Вайцяхоўская) і «ідэальная жанчына» (Нэла Агрэніч), якая паказвае ў відэаінструкцыі, як жа мусіць сябе паводзіць выдатная жонка мабілізаванага. Да прыкладу, яна збірае неабходныя рэчы для мужа, які атрымаў позву, — не толькі тушонку ды пляшку, але і чорны пакет у чалавечы рост.

Каб падтрымаць у мужчыне баявы дух, ідэальная жонка перад адыходам яго на фронт чытае яму Чапаева. А ў дзень ад’езда начышчае яму берцы сваімі слязьмі і змагаецца з благімі пачуццямі праз думкі пра нешта новае — напрыклад, пральную машыну.

Каментатары ацэньваюць ролік па-рознаму. Большасці ён падабаецца — адзначаюць, што інструкцыю можна хоць цяпер паказваць на БТ, бо яна і так мала адрозніваецца ад прадзяржаўнага кантэнту. А ёсць і тыя, каго відавочна зачапіў гумар ад «ЧынЧынЧэнэла» — адзін з каментароў, да прыкладу, гучыць так: «Якое паскудства… Нічога святога».

Nashaniva.com