Што жаваў Коля Лукашэнка на сустрэчы з Сі Цзіньпінам?

Прыкольная сцэна трапіла на відэа з Кітая.

04.12.2023 / 14:06

Аляксандр Лукашэнка прыляцеў у Пекін з Дубая. Яго прыняў кіраўнік краіны.

Беларускай дэлегацыі ўручылі карціну, выкананую шаўковай вышыўкай. Аляксандр Лукашэнка ласкАвым голасам папрасіў яшчэ адну — у Палац Незалежнасці.

Сі Цзіньпін тут жа запытаў: вам якога памеру і фасону? Праўда, даволі абыякавым голасам.

«Каб там душа была кітайская»,— адказаў Лукашэнка, які яўна не чакаў такога дзелавога падыходу.

Далей Сі падарыў Лукашэнку яблыкі з правінцыі Хунань. Камера ў гэты час паказвала Колю Лукашэнку, які на заднім плане нешта жуе — напэўна, жуйку.

Мікалаю кіраўнік КНР падарыў спартыўны касцюм — з кітайскім сцяжком. Бела-чырвоны.

Лукашэнка, са свайго боку, перадаў ювелірную кампазіцыю, што сімвалізуе ініцыятыву Пекіна «Адзін пояс — адзін шлях», шакалад, а таксама сувенір з васількамі.

Сустрэча ўвогуле была начным кашмарам Бондаравай: жуйка, касцюм БЧБ, ды яшчэ і васількі.

Пасля Лукашэнка адправіўся ў Пекінскі ўніверсітэт, дзе навучаўся яго сын Мікалай. Дзе ён вучыцца цяпер, дакладна невядома. А сам Лукашэнка ва ўніверсітэце ўстаў на лёд.

Nashaniva.com