«Ёсць новыя абставіны». Кіраўнік МУС Літвы прапануе вярнуцца да пытання ўніфікацыі санкцый у адносінах да беларусаў і расейцаў

Паколькі Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы бачыць пагрозы, якія зыходзяць ад Беларусі, міністр унутраных спраў Агнэ Білатайце прапаноўвае вярнуцца да абмеркавання ўніфікацыі санкцый супраць расейцаў і беларусаў.

28.11.2023 / 13:29

 Міністр унутраных спраў Агнэ Білатайце на сустрэчы з камандай Святланы Ціханоўскай, 5 красавіка. Фота: офіс Ціханоўскай

«Лічу, што варта вярнуцца да гэтых дыскусій і яшчэ раз пагаварыць з парламентарыямі, таму што ёсць новыя абставіны, якія неабходна ацаніць», — сказала Білатайце на прэс-канферэнцыі, перадае Delfi.

«Гэтыя дыскусіі працягваюцца, асабліва пасля таго, як Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі публічна прадставіў грамадскасці свае аргументы, паказваючы рэальныя пагрозы», — сказала яна.

Білатайце сцвярджае, што Міністэрства ўнутраных спраў і раней падтрымлівала прымяненне гэтых мер.

Увесну Сейм увёў нацыянальныя санкцыі супраць грамадзян Расеі і Беларусі. Законапраект аб абмежавальных мерах з-за ваеннай агрэсіі супраць Украіны зрабіў больш жорсткім парадак прадастаўлення пастаяннага або часовага віду на жыхарства, выдачы віз для грамадзян Расіі, забараніў ім перамяшчэнне праз знешнюю мяжу Еўрапейскага саюза, а таксама ўвёў абмежаванні на набыццё маёмасці.

Аднак прэзідэнт Гітанас Наўседа наклаў вета на гэты закон. Ён казаў, што парламент павінен заняць адзіную пазіцыю і ўніфікаваць абмежаванні як да расейцаў, так і да беларусаў. Аднак Сейм, у тым ліку праз лабісцкую дзейнасць беларускай апазіцыі, адхіліў вета Наўседы.

Цяпер гэта пытанне паўстае зноў.

Nashaniva.com