Мінскае «Дынама» стала чэмпіёнам Беларусі па футболе

Мінчане чакалі золата 19 гадоў.

26.11.2023 / 14:53

Фота: скрыншот з ютуб-трансляцыі АБФФ

Па выніках матча бабруйскай «Белшыны» і мінскага «Дынама», які прайшоў сёння ў Бабруйску, мінскае «Дынама» датэрмінова стала чэмпіёнамі краіны. Вынік гульні — 4:0 на карысць «Дынама».

Для гэтага мінчанам было дастаткова згуляць з «Белшынай» унічыю, але ж гульня скончылася перамогай бела-блакітных. Першы мяч забіў на 19-й хвіліне абаронца «Дынама» Аляксандр Сачыўка, другім у матчы адзначыўся Іван Бахар на 48-й хвіліне. Хутка пасля гэтага, на 58-й хвіліне, Аляксей Гаўрыловіч давёў лік да разгромнага — 3:0 на карысць мінчан, а на 70-й забіў дынамаўскі паўабаронца Данііл Зорын.

Такім чынам, у «Дынама» 66 ачкоў — недасягальная лічба для іх бліжэйшага пераследніка, гродненскага «Нёмана». Гэтая каманда цяпер мае 59 ачкоў. Мінулае чэмпіёнства бела-блакітных мела месца ў 2004-м.

Nashaniva.com