Вядучы Дзмітрый Кахно разыграў у інстаграме білеты на канцэрт Праснякова, які падтрымлівае вайну, — падпісчыкі абурыліся

Папулярны беларускі вядучы Дзмітрый Кахно вырашыў разыграць шэсць квіткоў на тры розныя канцэрты ў Мінску. Але не ўсім падпісчыкам спадабалася, што сярод артыстаў у гэтым розыгрышы аказаўся і Уладзімір Праснякоў, які не раз публічна ўхваляў вайну Расіі ва Украіне.

23.10.2023 / 17:37

Уладзімір Праснякоў ніколі не хаваў сваёй пазіцыі адносна вайны: ён казаў аб тым, што Айчыну трэба падтрымліваць у любой сітуацыі. Спявак выступае ў бальніцах для раненых расійскіх салдат, а таксама перыядычна пералічвае частку грошай, атрыманых ад продажу квіткоў на свае канцэрты, на падтрымку вайны.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Дмитрий Кохно (@kohnoby)

Пазіцыя астатніх двух артыстаў, на якія прапаноўвалася выйграць квіткі, — Хамалі і Кангі — наконт вайны не такая відавочная.

Трэба адзначыць, што абсалютная большасць падпісчыкаў Кахно ўзрадавалася розыгрышу квіткоў і з задавальненнем паўдзельнічала ў ім. Але знайшліся і тыя, хто выказаў абурэнне: «Сур’ёзна? Хто з іх не падтрымлівае ўварванне ва Украіну?», «Сапраўднае Кахно…», «Трэба ж, Дзмітрый, як хутка вы ўсё забыліся. А я вось выдатна памятаю ўсе «заслугі» Праснякова і Падольскай. Вы б яшчэ на Лепса білеты падарылі, чаго ўжо там. Я разумею, вы з'ехалі з Беларусі і спрабуеце будаваць кар'еру ў Расіі. У кожнага свой шлях. Але ўсё роўна павінны быць хоць нейкія тармазы. А то такімі тэмпамі хутка даедзеце і да Марыўпаля, як Шэпелеў».

Кахно праігнараваў крытычныя заўвагі, падзякаваў усім за ўдзел і паабяцаў праводзіць розыгрышы часцей.

Дзмітрый Кахно ў 2020 годзе напісаў у інстаграме пост «Так нельга!» — тады вядучага абурыў жорсткі разгон людзей, якія стаілі ў чарзе ў краму Symbal.by. З-за гэтага ён даволі хутка застаўся без працы на тэлебачанні.

У пачатку верасня 2020 года міліцыя затрымала тэлевядучых Дзмітрыя Кахно і Дзяніса Дудзінскага за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. Іх двойчы судзілі: першы раз Кахно атрымаў 10 сутак, а другі — вялікі штраф.

Фактычна страціўшы магчымасць працаваць у Беларусі, Дзмітрый Кахно разам з жонкай і дзецьмі з’ехаў у Расію. Тады паведамлялася, што ён стане вядучым папулярнага шоў «Халасцяк» на тэлеканале ТНТ. Але амбіцыйным планам перашкодзіў каронавірус: перад самым пачаткам здымак Дзмітрый захварэў на COVID-19, таму вядучым шоў стаў іншы чалавек.

У інстаграме Кахно піша, што ўваходзіць у топ-100 самых лепшых вядучых Расіі.

Чытайце таксама:

Беларускі шоўмен Зміцер Кахно на два дні паляцеў у Казахстан «у звычайную паездку». А там пачалося самае пекла

Тэлевядучага Дзмітрыя Кахно зноў судзілі — за тое, што здарылася 11 верасня, калі ён адбываў арышт на Акрэсціна

Затрымалі звольненых за свае выказванні з тэлебачання Дзяніса Дудзінскага і Дзмітрыя Кахно

Ганна Стафановіч