У Асіповіцкім раёне апалчэнцы вучыліся адбіваць узброены напад на сельскую краму, а тэрабарона — спыняць ДРГ

Атрад народнага апалчэння Вязʼеўскага сельскага савета Асіповіцкага раёна падчас збораў вучыўся адбіваць напад «марадзёраў» на сельскую краму. Таксама ўдзельнікам збору па тэрытарыяльнай абароне Магілёўскай вобласці паказалі, як дзейнічаць на КПП, каб спыніць прарыў дыверсійна-разведвальнай групы.

25.09.2023 / 13:43

Спачатку добраахвотнікі атрада народнага апалчэння «прадэманстравалі дзеянні па затрыманні групы марадзёраў, якія здзейснілі ўзброены налёт на сельскую краму». Мінабароны апублікавала фотасправаздачу гэтага.

«Сваіх падначаленых ведаю даўно. Гэта сурʼёзныя, смелыя, адказныя мужчыны. З усімі задачамі справімся ўпэўнена. Жыхары сельсавета могуць спаць спакойна», — распавёў камандзір атрада народнага апалчэння сяржант у адстаўцы Васіль Пятроўскі.

Пасля байцы тэрабароны адпрацавалі «парадак практычных дзеянняў па надгляду аўтамабіляў, праверцы дакументаў грамадзян».

Асаблівая ўвага нададзена дзеянням на КПП па спыненні прарыву дыверсійна-разведвальнай групы праціўніка. Дыверсанты, паводле вучэнняў, ужывалі стралковую зброю і беспілотны лятальны апарат.

 Зладжанымі дзеяннямі тэрабароны і супрацоўнікаў міліцыі ўдзельнікі ДРГ былі абясшкоджаныя, піша Мінабароны.

Nashaniva.com