У зоне падтаплення пасля прарыву плаціны Кахоўскай ГЭС выявілі халерную палачку

У зоне падтаплення пасля прарыву плаціны Кахоўскай ГЭС эколагі выявілі халерную палачку. Пра гэта распавёў кіраўнік аддзела дзяржаўнага экалагічнага нагляду зямельных рэсурсаў Дзяржаўнай экалагічнай інспекцыі Украіны Алег Паўленка ў інтэрв'ю espreso.tv.

13.06.2023 / 15:52

Падарваная Кахоўская ГЭС. Скрын відэа ASTRA

«Мы маніторым Паўднёвую акругу, штодня адбіраем пробы вады і робім аналізы. Вельмі вялікай забруджанасці няма, але ўжо ёсць некалькі выпадкаў выяўлення халернай і кішачнай палачак», — адзначыў прадстаўнік дзяржаўнай экалагічнай інспекцыі.

Раней Міністэрства аховы здароўя Украіны папярэджвала аб небяспецы ўспышкі халеры пасля спаду вады.

З-за прарыву плаціны Кахоўскай ГЭС у ваду трапіла шмат небяспечных рэчываў, якія могуць выклікаць успышкі кішачных інфекцый, гепатыту, батулізму, халеры і нават сібірскай язвы, піша Бі-бі-сі.

Nashaniva.com