У Гомелі пачаўся суд над начальнікам цэха «Гамсельмаша». Яго абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве

У Гомельскім абласным судзе 7 чэрвеня пачаўся разгляд крымінальнай справы начальніка аднаго з цэхаў вытворчага аб'яднання «Гомсельмаш» Уладзіслава Пудзяка, якога абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса.Справу разглядае суддзя Аляксандр Піскуноў, піша «Вясна».

08.06.2023 / 08:59

Уладзіслаў Пудзяк

«Флагшток» прааналізаваў сацыяльныя сеткі абвінавачанага і знайшоў там магчымы «ўкраінскі след». У мужчыны ёсць жонка, якая родам з украінскай вёскі Дабранка. Населены пункт размешчаны на самай мяжы з Беларуссю, усяго за 50 кіламетраў ад Гомеля.

Пракурор Гомеля Юрый Булыка праліў святло на асобу абвінавачанага. Выступаючы нядаўна перад работнікамі ААТ «Гомсельмаш», ён распавёў пра тое, што ў дзяржаўнай здрадзе абвінавачваецца былы начальнік аднаго з цэхаў вытворчага аб'яднання.

Паводле звестак «Флагштока» гаворка ідзе пра экс-начальніка транспартнага цэха Дэпартамента забеспячэння вытворчасці ААТ «Гомсельмаш». З 2014 па 2019 год Уладзіслаў Пудзяк тройчы ўваходзіў у склад участковых выбарчых камісій у Гомелі.

Суд праходзіць у закрытым рэжыме.

Nashaniva.com