Тураўскіх быкоў зноў пераселяць. Палескі серыял, здаецца, скончаны

Быкоў пад Туравам «завабліваюць смачнашкамі», каб сабраць у адным месцы і перавезці.

07.06.2023 / 07:42

Быкі пароды Хек, які аказаліся ў палоне ў «вялікай вады», у большасці сваёй перажылі незвычайна доўгую паводку 2023 года.

Мясцовы жыхар распавёў Tochka.by, што быкі сапраўды змаглі выбрацца з абмежаванай прасторы і цяпер перасоўваюцца статкамі.

Суразмоўца налічыў 12 галоў і дадаў, што прыкладна столькі ж аднавяскоўцы бачылі ў іншым месцы.

Тураўскіх быкоў перавязуць у заказнік

Па словах прадстаўніка Жыткавіцкага райвыканкама, вада сышла імкліва. І цяпер быкам нічога не пагражае. Работнікі тутэйшай гаспадаркі налічылі 21 жывёлу. Але, каб вызначыць дакладную колькасць, жывёл хочуць сабраць у адным месцы. Для гэтага зрабілі спецыяльны загон, дзе дзяжурыць работнік ААТ «Тураўшчына».

«Спрабуем смачняшкамі іх прывабіць», — удакладніла крыніца.

У далейшым жывёлу плануюць перавезці ў Брэсцкую вобласць. Дамоўленасць дасягнутая з адміністрацыяй біялагічнага заказніка «Спораўскае».

Прыродны аб'ект займае 19 тысяч гектараў на тэрыторыі Бярозаўскага, Драгічынскага, Іванаўскага і Івацэвіцкага раёнаў. Ён уключае найбуйнейшы масіў нізінных балот у пойме ракі Ясельды.

Гэта значыць турападобныя быкі працягнуць выконваць сваю задачу на новым месцы — будуць ствараць умовы для біяразнастайнасці пойменных лугоў, ядучы высокую траву і зараснікі вербалозу.

Мяркуючы па ўсім, там для нашчадкаў старажытных тураў будзе больш прасторы і ежы ў выпадку паўтарэння маштабных паводак. Да таго ж жывёлы апынуцца ў яшчэ больш дзікім асяроддзі удалечыні ад людзей. З ростам папуляцыі такое суседства можа быць небяспечным для чалавека.

Што турападобныя быкі робяць на Палессі

Пятнаццаць быкоў перавезлі ў Жыткавіцкі раён з латвійскага нацыянальнага парку «Кемеры» ў 2020 годзе.

Вясной 2023 года разліў рэк Прыпяць і Сцвіга прывёў да сур'ёзнай паводкі. Жывёлы аказаліся адрэзаныя вадой на астраўках. Некаторыя цяляты загінулі з-за недахопу ежы або ў спробах перабрацца на вялікую зямлю ўплаў.

Серыял, за якім сачылі, завяршыўся. Ці будзе ў яго другі сезон, пакажа вясна 2024 года.

Чытайце таксама:

«Ніколі не бачыў іх такімі худымі». Рэдкіх быкоў з адрэзаных паводкай астраўкоў пад Туравам так пакуль і не вывезлі

З-за паводкі пад Туравам гінуць турападобныя быкі, завезеныя з-за мяжы

Nashaniva.com