Мінабароны РФ апублікавала «кадры знішчэння танкаў Leopard». Расійскія ваенкары заявілі, што на відэа камбайны

6 чэрвеня міністр абароны РФ Сяргей Шайгу абвясціў, што расійскае войска ўжо тры дні стрымлівае «даўно абяцаны наступ» УСУ на некалькіх участках фронту. Шайгу асобна распавёў, што 5 чэрвеня было спынена наступленне УСУ на сямі напрамках, у выніку чаго былі знішчаны 28 танкаў, у тым ліку восем нямецкіх «Леапардаў» і тры французскіх колавых танка AMX-10.

06.06.2023 / 23:56

Ніякіх пацверджанняў сваіх слоў Шайгу не прывёў. Аднак неўзабаве расійскае ваеннае ведамства распаўсюдзіла ў СМІ кароткае відэа з кадрамі, як сцвярджалася, «знішчэння замежнай бранятэхнікі, у тым ліку танкаў Leopard», заўважыла «Медуза».

Многія расійскія ваенныя блогеры ўсумніліся, што ў роліку Мінабароны РФ — сапраўдная бранятэхніка.

Тэлеграм-канал «Военный осведомитель», прааналізаваўшы абрысы машын, паведаміў, што ў рэчаіснасці на відэа — амерыканскія збожжаўборачныя камбайны John Deere 9000 і 700-й серый, а таксама трактар-апырсквальнік John Deere 4830, якія даволі папулярныя на тэрыторыі Украіны.

«Навошта было выдаваць кадры з памылковай паразай сельскагаспадарчай тэхнікі за актуальнае відэа паразы «Леапардаў» нам невядома», — пішуць аўтары канала.

Да такой жа высновы прыйшоў праваенны тэлеграм-канал «Рыбарь». «Калі павялічыць кадр, то ў контурах аб'екта можна разгледзець нешта падобнае да сельгастэхнікі. У абрысах вылучаюцца колы, а «ствол» нагадвае шнек. Ды і сам экіпаж верталёта ў перамовах не называе мэту «Леапардам»», — гаворыцца ў яго публікацыі.

Відэа са «знішчэннем «Леапардаў»» таксама пракаментаваў кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын.

«На гэтых кадрах выразна відаць, як танкі Leopard перасоўваюцца ў дзіўным тактычным манеўры насустрач адзін аднаму. Гэтыя танкі замаскіраваны пад сельскагаспадарчыя камбайны. У іх загнута ўніз дула», — заявіў ён.

Чытайце таксама:

Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу ўпершыню з верасня 2022 года расказаў пра расійскія страты

«Мы на сёння прайграём вайну. Дзе нашы клоўны?» Прыгожын зноў прайшоўся па Шайгу і Герасімаве і прапанаваў іх расстраляць

На вайсковых зборах у Мінскім раёне трэніраваць будуць інструктары-«вагнераўцы»

Nashaniva.com