«Любы тып зброі масавага паражэння не можа з'яўляцца абарончым»: дэпутатка Мінгарсавета стварыла петыцыю супраць размяшчэння ядзернай зброі

Стваральніца ініцыятывы «Гэта наш горад» Вольга Цесакова стварыла петыцыю з патрабаваннем не дапусціць захоўвання і размяшчэння на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі. Петыцыю, знойдзеную эколагамі на сайце Petitions.by, можна падпісаць да 10 чэрвеня.

06.06.2023 / 14:20

Вольга Цесакова. Скрыншот відэа з канала Максімальна

«25 мая 2023 года міністры абароны Беларусі і Расіі падпісалі дакументы аб утрыманні расійскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў Беларусі. Гэтыя дзеянні ідуць насуперак з пазіцыяй Рэспублікі Беларусь як дзяржавы без ядзернай зброі і палітыкай у сферы ядзернага раззбраення», — гаворыцца ў петыцыі.

Аўтарка тлумачыць: Беларусь заявіла пра намер зрабіць тэрыторыю краіны бяз'ядзернай зонай яшчэ ў 1990 годзе. Для гэтага ў 1992 годзе мы далучыліся да Дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі як дзяржава, якая не валодае ядзернай зброяй. Наступныя чатыры гады пайшлі на тое, каб вывезці з тэрыторыі нашай краіны ўсю наяўную ядзерную зброю. Гэты працэс быў завершаны ў 1996 годзе з вывазам апошняй боегалоўкі.

У далейшым Беларусь падтрымлівала і ўдзельнічала ў шматлікіх праграмах, накіраваных на нераспаўсюд ядзернай зброі: дагавор аб мерах па далейшым скарачэнні і абмежаванні стратэгічных і наступальных узбраенняў, дагавор аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці, дагавор аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў.

З пачатку станаўлення Беларусі як незалежнай дзяржавы, у нашай Канстытуцыі быў замацаваны статус бяз'ядзернай дзяржавы, г.зн. дзяржавы без ядзернай зброі. Аднак пасля рэферэндуму 2022 года гэта палажэнне прыбралі.

— Любы тып ядзернай зброі, як зброі масавага паражэння, не можа з'яўляцца абарончым, — падкрэслівае Вольга. — Гэта зброя распрацоўвалася як наступальная, прызначаная для ўдару па тэрыторыі ўмоўнага праціўніка, аднак 18 артыкул Канстытуцыі выключае ваенную агрэсію з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у дачыненні да іншых дзяржаў.

Акрамя таго, што размяшчэнне расейскай ядзернай зброі ставіць Беларусь у яшчэ больш залежнае ад Расіі становішча, а таксама падстаўляе нашу тэрыторыю як месца магчымага вайсковага ўдару, за стварэннем, любымі перавозкамі і захоўваннем ядзерных тэхналогій цягнецца радыяцыйны след (і гэта без уліку патэнцыйнага выкарыстання зброі, кажуць у экалагічнай арганізацыі Экадом).

Петыцыя патрабуе выключыць выпадкі спекуляцыі пытаннем размяшчэння ядзернай зброі ў Рэспубліцы Беларусь службовымі асобамі, прыняць прававыя нормы, якія захоўваюць статус Рэспублікі Беларусь як дзяржавы без ядзернай зброі і не дапусціць захоўвання і размяшчэння на тэрыторыі Беларусі ядзернага ўзбраення.

Падпісаць яе можна да 10 чэрвеня.

Чытайце таксама:

«Раіў мне знайсці жаніха з АМАПа». Былая дэпутатка расказала, як кантактавала з Барсуковым

Nashaniva.com