Перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый можа прайсці ў Беларусі

Папярэдні раз перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый у краіне праводзілася амаль 20 гадоў таму, гэта заняло амаль два гады.

06.06.2023 / 12:47

За БПЦ замацоўваецца асаблівая роля. Фота: Наша Ніва

Перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый можа прайсці ў Беларусі, зараз ідзе падрыхтоўка праекта закона, які тычыцца канфесій, і ён ужо вынесены на грамадскае абмеркаванне, паведамілі ў апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Саўміне, піша «Спутнік».

На гэтым тыдні быў апублікаваны і вынесены на грамадскае абмеркаванне закон ад 17 снежня 1992 г. № 2054-ХІІ «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» у новай рэдакцыі.

«Зараз праект закона дашліфоўваецца і рыхтуецца да ўнясення ва ўрад», — паведамілі «Спутніку» ў ведамстве.

Там удакладнілі, што ініцыятарам распрацоўкі гэтага законапраекта з'яўляецца апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.

«Гэта зроблена ў мэтах прывядзення ў адпаведнасць закона з Канстытуцыяй Беларусі», — растлумачылі ў апараце.

Таксама там адзначылі, што ў канцы чэрвеня законапраект можа быць перададзены ва ўрад. Наступны этап — абмеркаванне ў парламенце.

У апараце ўпаўнаважанага таксама не выключылі, што пасля прыняцця гэтага праекта закона ў краіне можа прайсці перарэгістрацыя рэлігійных аб'яднанняў і арганізацый.

Зараз у Беларусі зарэгістравана 174 рэлігійныя аб'яднанні рэспубліканскага ўзроўню, а ўсяго рэлігійных арганізацый каля 3,5 тысячы.

Папярэдняя перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый у Беларусі прайшла амаль 20 гадоў таму. Увесь працэс перарэгістрацыі доўжыўся амаль два гады — з 2002-й па 2004-й.

Як вынікае з тлумачальнай запіскі, якая суправаджае вынесены на абмеркаванне дакумент, новай рэдакцыяй закона, у прыватнасці, замацоўваецца асаблівая роля БПЦ у гістарычным станаўленні і развіцці духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа, а таксама неаддзельнасць ад агульнай гісторыі народа Беларусі іншых хрысціянскіх, іудзейскіх і ісламскіх рэлігійных арганізацый.

Водзяцца новыя тэрміны «нядзельная рэлігійная школа», «місіянерская дзейнасць», «рэлігійныя сімвалы».

Акрамя гэтага, уносяцца змяненні і дапаўненні ў парадак дзяржаўнай рэгістрацыі рэлігійных арганізацый. Таксама рэгламентуецца парадак дзейнасці пры ажыццяўленні місіянерскай і паломніцкай дзейнасці.

Nashaniva.com