Ціханоўская выказала спачуванні сям'і Дзмітрыя Сарокіна, які раптоўна памёр у Лідскім РАУС

Сёння стала вядома пра смерць 37-гадовага лідскага паэта Дзмітрыя Сарокіна. Лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская выказала спачуванні родным Дзмітрыя і заклікала распавесці праўду пра яго смерць. 

05.06.2023 / 17:04

Дзмітрый Сарокін 

«Сёння з'явілася інфармацыя, што ў РАУС горада Ліды раптоўна памёр Дзмітрый Сарокін. Нам яшчэ невядомыя прычыны таго, чаму Дзмітрый знаходзіўся ў РАУС, але гэта ўжо не першы раз, калі сілавікі затрымліваюць яго.

Інфармацыі пра прычыну смерці 37-гадовага Дзмітрыя пакуль няма. Трагедыя адбылася яшчэ ў чацвер, 1 чэрвеня, а сілавікі па-ранейшаму ўсё хаваюць і спрабуюць «замяць» чарговае самавольства. Таму я прашу ўсіх, хто ведае нейкую інфармацыю пра смерць Змітра, паведаміць яе наўпрост сваякам, у незалежныя СМІ ці праваабаронцам. Мы павінны даведацца праўду.

Я хачу выказаць шчырыя спачуванні родным, блізкім і сябрам Дзмітрыя. Прама зараз мне б вельмі хацелася абняць вас, трымайцеся», — напісала ў тэлеграм-канале Ціханоўская.

Дзмітрый працаваў як дызайнер, маркетолаг, мастак-канструктар, мерчандайзер у розных кампаніях. Ён скончыў Лідскі тэхнічны каледж па спецыяльнасці «тэхнік-механік», а потым вучыўся ў Інстытуце прадпрымальніцтва і парламентарызму на дакументазнаўцу.

Пахаванне прызначана на аўторак.

Nashaniva.com