У Аўстраліі дзякуючы навуцы памілавалі жанчыну, якая адседзела 20 гадоў за забойства чатырох дзяцей

У 2003 годзе суд палічыў малаімавернымі сцвярджэнні яе абароны, што ўсе яны памерлі ад натуральных прычын. Але нядаўна навукоўцы далі вынікі новых даследаванняў, якія паказваюць менавіта на гэта.

05.06.2023 / 15:46

Кэтлін Фолбіг празвалі «самай страшнай серыйнай забойцай Аўстраліі», пасля таго як прысяжныя пастанавілі, што на працягу дзесяці гадоў яна забіла сыноў Калеба і Патрыка ды дачок Сару і Лору, піша Бі-бі-сі.

Вярхоўны суд штата Новы Паўднёвы Уэльс прысудзіў яе да 40 гадоў турмы з магчымасцю датэрміновага вызвалення не раней, чым праз 25 гадоў.

В Австралии благодаря науке помиловали женщину, отсидевшую 20 лет за убийство четырех детей https://t.co/FguLuAoCOj

— bbcrussian (@bbcrussian) June 5, 2023

Цяпер справу 55-гадовай Фолбіг, якая заўсёды настойвала на сваёй невінаватасці, называюць адной з найвялікшых судовых памылак у Аўстраліі.

Фолбіг была арыштаваная пасля таго, як з 1989 па 1999 год раптоўна памерлі чацвёра яе дзяцей, якім на момант смерці было ад 19 дзён да 19 месяцаў. Пракуроры на судзе сцвярджалі, што жанчына задушыла іх.

Пры гэтым рэчыўных доказаў задушвання або слядоў цялесных пашкоджанняў дзяцей прадастаўлена не было.

У выніку Фолбіг асудзілі на падставе ўскосных доказаў: запісаў у яе дзённіках, у якіх казалася, што мацярынства даецца ёй няпроста і што яна вінаваціць сябе ў смерці дзяцей.

Пасля адвакаты Фолбіг ініцыявалі некалькі апеляцый і новае расследаванне справы ў 2019 годзе, але іх вынікі не выклікалі сумненняў у прысудзе і нават надалі большую вагу ўскосным доказам у першапачатковым судовым працэсе над Фолбіг.

Аднак пасля новага расследавання, якое ўзначаліў суддзя ў адстаўцы Том Батэрст, пракуратура прызнала, што яе разуменне прычын смерці дзяцей змянілася.

Новае расследаванне

У гэтым расследаванні эксперты выказалі здагадку, што дзённікі былі спосабам перажыць тое, што здарылася, для маркотнай маці, у якой амаль не было падтрымкі, а таксама што ўсе чацвёра дзяцей наўрад ці маглі быць задушаныя без якіх-небудзь фізічных слядоў.

Але асноўнай прычынай, якая прымусіла пракуратуру змяніць свае погляды, сталі высновы групы імунолагаў.

Яны выявілі ў дачок Фолбіг — Сары і Лоры — агульную генетычную мутацыю пад назвай CALM2 G114R, якая можа выклікаць раптоўнае спыненне сэрца.

Таксама былі выяўленыя доказы таго, што ў яе сыноў — Калеба і Патрыка — была іншая генетычная мутацыя, якую навукоўцы звязваюць з раптоўным пачаткам эпілепсіі ў мышэй.

Па словах прафесара Каролы Вінуэсы, якая ўзначаліла даследчую групу з Аўстралійскага нацыянальнага ўніверсітэта, яны звярнулі ўвагу на незвычайную паслядоўнасць генаў у ДНК самой Кэтлін Фолбіг яшчэ да таго, як былі пратэставаныя ўзоры ДНК яе дзяцей.

«Мы правялі першы тэст і выявілі варыянт гена, які выглядаў вельмі падазрона… ужо тады, у лістападзе 2018 года, мы падумалі, што калі падобнае будзе выяўлена і ў дзяцей, то ў гэтым, з вельмі вялікай верагоднасцю, і будзе прычына», — сказала Вінуэса ў інтэрв'ю Бі-бі-сі.

Як падкрэсліла прафесар, у свеце вядома ўсяго пра 134 выпадкі патэнцыйна смяротнага захворвання сэрца, звязанага з гэтай генетычнай мутацыяй.

У панядзелак генеральны пракурор Новага Паўднёвага Уэльса Майкл Дэйлі абвясціў, што Батэрст прыйшоў да «цвёрдага пераканання» пра абгрунтаваныя сумневы ў вінаватасці Фолбіг.

У выніку губернатар Новага Паўднёвага Уэльса падпісаў указ аб поўным памілаванні і распарадзіўся неадкладна вызваліць Фолбіг з турмы.

«Для яе гэта было 20-гадовае выпрабаванне… я жадаю ёй спакою», — сказаў Дэйлі, дадаўшы, што яго думкі таксама былі з Крэйгам Фолбігам, бацькам памерлых дзяцей.

Прафесар Карола Вінуэса назвала рашэнне аб памілаванні Фолбіг выдатнай падзеяй, якая можа даць надзею іншым жанчынам у падобных сітуацыях.

«Да нас звярталіся прадстаўнікі жанчын, якія страцілі дзяцей або абвінавачаных у прычыненні шкоды сваім дзецям. У гэтых выпадках таксама можа ісці гаворка пра дзяцей з цяжкімі генетычнымі захворваннямі», — сказала яна.

У заяве Аўстралійскай акадэміі навук гаворыцца, што гэта справа сведчыць аб неабходнасці рэформы прававой сістэмы ў краіне з улікам прагрэсу ў навуцы.

Што далей для Фолбіг

Як патлумачыў пракурор Майкл Дэйлі, цяперашняе безумоўнае памілаванне не адмяняе прысуду Фолбіг.

Рашэнне аб адмене прысуду зможа прыняць Апеляцыйны суд па крымінальных справах, калі суддзя Батэрст перадасць туды справу. Гэты працэс можа заняць да года.

Калі прысуд будзе адменены, Фолбіг патэнцыйна зможа падаць у суд на ўрад Аўстраліі на мільёны даляраў у якасці кампенсацыі.

Як прэцэдэнт ёсць выпадак аўстралійкі Ліндзі Чэмберлен, якую ў 1982 годзе неправамерна асудзілі на пажыццёвае зняволенне за забойства дачкі-немаўля. Яе выпусцілі праз тры гады, прызнаўшы дапушчаную судовую памылку. Чэмберлен пасля адсудзіла ў якасці кампенсацыі 1,3 мільёна аўстралійскіх даляраў (858 тыс.даляраў ЗША).

Але, як адзначаюць адвакаты Фолбіг, якая адседзела ў турме 20 гадоў, яе справа шматкроць засланяе справу Чэмберлен.

«Немагчыма адчуць маштабы траўмы, якая была нанесеная Кэтлін Фолбіг: боль ад страты дзяцей і амаль два дзесяцігоддзі зняволення ў турмах строгага рэжыму за злачынствы, якіх, як даказала навука, ніколі не было», — сказала яе адвакат Рані Рэга.

Каля брамы турмы Фолбіг сустрэлі сябры, якія ўдзельнічалі ў шматгадовай кампаніі за яе вызваленне. Пракурор Дэйлі заклікаў да журналістаў і грамадскасць выконваць яе права на прыватнае жыццё.

Nashaniva.com