Сетка «Вкусно и точка», выявілася, паспела падпісаць дамову і выгрузіць частку прадукцыі для беларускіх рэстаранаў. Але іх не пусцілі

Сталі вядомы новыя дэталі ў гісторыі сыходу «Макдональдса» з Беларусі. Пра іх распавёў гендырэктар сеткі «Вкусно и точка», якая планавала зайсці ў нашу краіну.

05.06.2023 / 10:56

Фота: сацсеткі «Вкусно и точка»

«Гісторыя з Беларуссю вельмі цікавая — цяпер гэта незалежны бізнэс, ён не мае да нас ніякага дачынення. Mcdonald's у нейкі момант вырашыў сысці з Беларусі, і тады ўладальнікі звярнуліся да нас з прапановай стаць партнёрамі-франчайзі. Мы пагадзіліся і нават паспелі падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве і адгрузіць частку прадукцыі», — распавёў генеральны дырэктар кампаніі Алег Пароев у інтэрв'ю РІА Навіны.

Аднак, з ягоных слоў, «з-за пэўных абставінаў Беларусь у выніку пайшла па іншым шляху».

«Яны вырашылі ствараць свой уласны брэнд, які не будзе мець ніякага дачынення ні да Расіі, ні да «Вкусно и точка», ні да нейкіх іншых расійскіх франшыз. Мы скасавалі наша пагадненне аб супрацоўніцтве, і цяпер яны працуюць як уласны нацыянальны брэнд, спрабуюць пабудаваць бізнэс з нуля», — растлумачыў гендырэктар «Вкусно и точка».

Увосень сетка паведамляла, што выходзіць на рынак Беларусі і падпісвае дамову франчайзі з кампаніяй «КСБ Віктары рэстараны», якая кіруе 25 рэстаранамі Mcdonald's ў краіне. У лістападзе анансавалася, што рэстараны пачнуць працаваць пад расійскім брэндам. Але ўмяшаўся Лукашэнка. У выніку былыя «Макдональдсы» нейкі час працавалі пад шыльдай «Мы адкрытыя» У красавіку «КСБ Віктары рэстараны» паведаміла, што пачала працаваць пад новым брэндам — Mak.by. Гэту назву, дарэчы, таксама агучыў Лукашэнка падчас паслання парламенту і народу.

Nashaniva.com