«Гэта яго ўкраінскі працяг». Украінская дэпутатка заявіла, што нарадзіла ад Саакашвілі

1-га чэрвеня ў Дзень абароны дзяцей 32-гадовая дэпутат Лізавета Ясько абвясціла, што стала мамай. Бацькам яе першынца з'яўляецца былы прэзідэнт Грузіі, 55-гадовы Міхеіл Саакашвілі, які больш за паўтара года знаходзіцца ў турме.

02.06.2023 / 08:00

Свайму мацярынству Ліза прысвяціла кранальны пост, у якім назвала дзіця ўкраінскімі каранямі і ўкраінскім працягам яго бацькі. Пол маляняці Ясько не ўдакладніла, не паведаміла, калі менавіта адбыліся роды, піша «Украінская праўда».

Гэта фота Ясько і Саакашвілі апублікавалі ў сеціве яшчэ ўвосень 2021 года

«Ніколі не магла ўявіць, што маё дзіця народзіцца ў гэтых страшных рэаліях вайны для нашай краіны. У дзень пачатку лета, большасць з нас не спалі апошнія дні. Мы не думаем пра лета. Мы думаем аб абароне нашых дзяцей. Дзяцей, якія, на жаль, не могуць мець бяспеку ў сваім доме з-за поўнамаштабнай агрэсіі Расіі.

Ніколі сабе не магла ўявіць, што побач на волі і ў здароўі не будзе бацькі дзіцяці ў вельмі важныя моманты, якія мы планавалі быць разам. Маё дзіця — мая любоў. Для бацькі наша дзіця — гэта яго ўкраінскія карані і ўкраінскі працяг, пра які ён марыў і так хацеў мець, ганарачыся сваім пашпартам грамадзяніна Украіны.

Ніколі не думала, што нарадзіць дзіця падчас вайны — гэта насамрэч страшна. Страшна і вельмі жудасна ад думак пра будучыню. Мы зусім па іншаму ўсё ўяўлялі. Абставіны і рэальнасць былі зусім іншымі».

Ліза стала мамаю ўпершыню, а Міхеіл — бацькам чацверты раз. Фота: сацсеткі

Пра раман тады яшчэ жанатага Саакашвілі з Ясько стала вядома ў лістападзе 2020-га. Пазней жонка экс-прэзідэнта Грузіі Сандра Рулафс заявіла, што яго здрада была для яе нечаканасцю.

У студзені 2022 года аказалася, што акрамя двух сыноў ад экс-жонкі, у Міхеіла ёсць яшчэ пазашлюбная дачка.

Саакашвілі знаходзіцца за кратамі з 1 кастрычніка 2021 года, з моманту тайнага вяртання ў Грузію напярэдадні мясцовых выбараў.

Калі стала вядома пра іх адносіны, Ясько адразу запэўніла, што гэта каханне

Nashaniva.com