МЗС Беларусі паабяцала «асіметрычны адказ» Польшчы на санкцыі

Афіцыйны прадстаўнік беларускага МЗС Анатоль Глаз паабяцаў Польшчы «асіметрычны адказ» у сувязі з рашэннем Польшчы закрыць мяжу для грузавікоў з беларускімі і расійскімі нумарамі. Такія санкцыі Польшча ўвяла ў сувязі са зняволеннем актывіста польскай меншасці Андрэя Пачобута. 

01.06.2023 / 16:27

Анатоль Глаз заявіў, што «польскае кіраўніцтва сваімі рукамі стварае ўсё новыя перашкоды і нечалавечыя ўмовы для грамадзян Беларусі і Польшчы, а таксама перавозчыкаў усёй еўразійскай прасторы. На ім ляжыць уся віна за антыгуманныя наступствы такіх крокаў».

Глаз звінаваціў «рэжым Дуды-Маравецкага» ў планамернай рэалізацыі комплексу «антыбеларускіх крокаў», якія «накіраваны на правакацыю ўскладненняў і эскалацыю, у тым ліку ва ўсім рэгіёне».

«Рашэнні ўрада Польшчы таксама паказваюць, што базавыя правы чалавека, у тым ліку права на свабоду перамяшчэння, на справе для іх нічога не значаць. На гэтыя меры ў абавязковым парадку рушыць услед асіметрычны адказ. Пры гэтым намі будуць у максімальна магчымай ступені ўлічаны інтарэсы простых палякаў, вымушаных пакутаваць з-за валюнтарызму свайго ўрада, і ў максімальнай – інтарэсы нашых грамадзян», — заявіў Глаз. 

Таксама прадстаўнік МЗС дадаў, што «ў Беларусі не прыгнятаецца ніводная з нацыянальных меншасцяў, усе грамадзяне розных нацыянальнасцяў жывуць у міры і згодзе. Любы паляк можа ў гэтым упэўніцца, спакойна наведаўшы нашу краіну ў бязвізавым рэжыме».

Што за асімітрычны адказ будзе рэалізаваны, Глаз не ўдакладніў. 

З 1 чэрвеня Польшча закрыла рух праз беларуска-польскую мяжу для грузавых аўтамабіляў, цягачоў, прычэпаў і паўпрычэпаў, саставаў транспартных сродкаў, зарэгістраваных у Беларусі і Расіі.

Таксама МУС Польшчы уключыла ў санкцыйны спіс 365 прадстаўнікоў беларускага рэжыму, а таксама 20 структур і 16 прадпрымальнікаў, пераважна звязаных з расійскім капіталам.

Гэта рэакцыя на рашэнне прысудзіць журналіста і актывіста польскай меншасці ў Беларусі Андрэя Пачобута да васьмі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 26 мая Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апеляцыю і пакінуў прысуд у сіле.

Nashaniva.com