Рашэнне аб экстрадыцыі Сафіі Сапегі перадалі ў суд Смаленска

Такое рашэнне суд прыняў у сувязі з тым, што апошняе месца рэгістрацыі дзяўчыны на тэрыторыі РФ — Смаленск.

01.06.2023 / 14:54

Прэсненскі суд Масквы накіраваў на разгляд у суд Смаленска прадстаўленне Федэральнай службы выканання пакаранняў аб перадачы асуджанай у Беларусі грамадзянкі РФ Сафіі Сапегі для адбыцця пакарання ў Расію, піша «Спутнік».

«Справа перададзена для разгляду ў Прамысловы раённы суд Смаленска», — удакладнілі ў судзе.

Рашэнне звязана з тым, што ў Смаленску знаходзіцца апошняе месца рэгістрацыі Сапегі на тэрыторыі РФ. Раней паведамлялася, што справу маглі разглядаць ва Уладзівастоку, паколькі апошняе афіцыйнае месца пражывання дзяўчыны — востраў Рускі.

Нагадаем, Сафія Сапега была затрыманая 23 мая 2021 года ў мінскім аэрапорце пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair Афіны — Вільня.

6 мая 2021 года суд у Гродне прысудзіў яе да шасці гадоў калоніі агульнага рэжыму па артыкулах аб наўмысных дзеяннях па распальванні сацыяльнай варожасці, а таксама аб незаконным зборы і распаўсюдзе звестак аб прыватным жыцці сілавікоў, суддзяў, пракурорскіх работнікаў, чыноўнікаў, што пацягнула шкоду пацярпелым.

Цяпер Сапега адбывае пакаранне ў Гомельскай жаночай калоніі.

Раман Пратасевіч быў асуджаны 3 мая 2023 года да васьмі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 22 мая яго памілаваў Лукашэнка.

Nashaniva.com