Чарговая начная атака на Кіеў. Паветраная трывога доўжылася амаль тры гадзіны

У адрозненне ад папярэдніх нападаў, калі Расія выкарыстоўвала розныя віды ўзбраенняў, у ноч на 30 мая атака была ажыццёўлена выключна боепрыпасамі «Шахед».

30.05.2023 / 07:17

Напад быў масіраваным, ажыццяўляўся па розных напрамках, у некалькі хваляў. Паветраная трывога доўжылася амаль тры гадзіны, піша Бі-бі-сі.

Паводле папярэдніх звестак, сродкамі СПА ў паветранай прасторы Кіева было знішчана больш за 20 беспілотнікаў.

У выніку падзення абломкаў ёсць ахвяры і разбурэнні ў розных раёнах Кіева.

У Галасееўскім з-за падзення абломкаў на шматпавярховы жылы дом было ўзгаранне на апошніх двух паверхах. Эвакуявана больш за 20 жыхароў. Паводле папярэдняй інфармацыі, адзін чалавек загінуў, трое атрымалі траўмы. Верагодна, разбураныя перакрыцці паміж паверхамі, працягваецца пошук людзей пад магчымымі заваламі.

У Пячэрскім раёне абломкамі пашкодзіла аўтамабілі.

У Дарніцкім раёне ў выніку падзення абломкаў загарэўся прыватны дом. Таксама пашкоджаныя прыпаркаваныя аўтамабілі.

У Дняпроўскім раёне абломкі ўпалі на зялёную зону.

У Падольскім — на нежылую забудову.

У Святошынскім раёне абломкі ўпалі на тэрыторыю аднаго з прадпрыемстваў.

Nashaniva.com