Украінскі генерал лічыць, што Лукашэнка свядома абмежаваў вайсковае супрацоўніцтва з Расіяй пасля няўдач на фронце. Але ці ў яго хто пытаецца?

Камандуючы Абʼяднанымі сіламі УСУ генерал-лейтэнант Сяргей Наеў у нядаўнім інтэрвʼю інфармацыйнаму агенцтву «Укрінформ» закрануў тэму супрацоўніцтва рэжыму Лукашэнкі з Расіяй. Ён лічыць, што «кіраўніцтва Беларусі абмежавала ваеннае супрацоўніцтва з Расіяй пасля няўдач на фронце». Але вядомы блогер і адзін са стваральнікаў маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн» Антон Матолька лічыць, што насамрэч гэта не так — прычына ў іншым.

26.05.2023 / 20:10

Лукашэнка з Пуціным. Фота: ТАСС

На пытанне, чаму ў цяперашні час практычна няма вылетаў расійскай авіяцыі з аэрадромаў Узброеных сілаў Беларусі для нанясення ўдараў па тэрыторыі Украіны, Сяргей Наеў адказаў наступнае:

«Не лятаюць таму, што пасля няўдалага ўварвання арміі Расіі з тэрыторыі Беларусі, наступных няўдач на нашым усходзе і поўдні кіраўніцтва Беларусі абмежавала сваё супрацоўніцтва з Расіяй да пастаўкі ўзбраення, боепрыпасаў, а таксама надання палігонаў для падрыхтоўкі мабілізаваных».

Зыходзячы з прыведзенага вышэй адказу ў беларускага і ўкраінскага грамадства, піша Матолька, можа скласціся ілжывае ўяўленне, што «абмежаванне супрацоўніцтва» з РФ адбылося выключна дзякуючы дзеянням рэжыму Лукашэнкі, і стала вынікам няўдач Расіі ў вайне з Украінай.

Аднак такая пазіцыя, падкрэслівае ён, памылковая і нават шкодная.

Так, калі ўвесну 2022 года расіяне не па сваёй добрай волі, а з-за яўнай немагчымасці дасягнуць на гэтым кірунку пастаўленых задач адступілі з Кіеўскай вобласці на тэрыторыю Беларусі, большасць з іх адразу былі перакінутыя на ўсход Украіны для ўдзелу ў «бітве за Данбас».

У гэтым, на думку Матолькі, няма ніякай заслугі Лукашэнкі — проста знаходжанне гэтых вайскоўцаў у абставінах, якія склаліся, стала ў Беларусі бессэнсоўным.

Што тычыцца ракетных удараў, то што аэрадромы УС РБ для гэтых мэт выкарыстоўваліся ў перыяд наступлення УС РФ у Кіеўскай вобласці, а ў далейшым практыкавалася нанясенне ракетных удараў самалётамі ПКС РФ, якія залятаюць з тэрыторыі Расіі ў паветраную прастору Белаурсі.

Апошні такі дакладна зафіксаваны ракетны ўдар з тэрыторыі Беларусі быў нанесены па Украіне 6 кастрычніка 2022 года.

І ў тым, што пасля гэтую практыку спынілі, Матолька таксама не бачыць уплыву Лукашэнкі — проста для РФ такія атакі перасталі мець ваеннае значэнне, а калі б па-ранейшаму мелі, то ніякі Лукашэнка ім бы не перашкодзіў.

Таксама дыверсія на аэрадроме «Мачулішчы» паказала ўразлівасць аэрадромаў УС РБ, і ў сувязі з гэтым выкарыстоўваць тэрыторыю РБ для ажыццяўлення якіх-небудзь удараў стала менш бяспечным, чым гэта было раней.

Пры гэтым Матолька не сумняецца, што ў выпадку ўзнікнення такой неабходнасці авіяцыйная групоўка ПКС РФ, размешчаная цяпер на тэрыторыі Беларусі, можа быць прыменена супраць Украіны, і ў Лукашэнкі ў такім выпадку пытацца дазволу ніхто не будзе.

«Агулам падтрымка агрэсіі Расіі супраць Украіны рэжымам Лукашэнкі будуецца выключна зыходзячы з бягучых патрэб УС РФ.

Трэба было наступаць РФ на Кіеў — калі ласка, вось вам плацдарм для наступу. Пачалася ў Расіі мабілізацыя, а месцы для навучання ўсім «мобікам» не хапіла калі ласка, вось вам палігоны і інструктары. Узнікла патрэба ў тэхніцы і боепрыпасах — калі ласка, склады і арсеналы ў вашым распараджэнні. Лукашэнка закрывае любыя патрэбы Крамля, якія ўзнікаюць.

Такім чынам, дзеянні рэжыму Лукашэнкі не маюць нічога агульнага з тым, страляюць ці УС РФ па ўкраінскіх гарадах з тэрыторыі РБ ці не», — канстатуе Матолькі.

Таму, упэўнены ён, кіраўніцтва Украіны (як вайсковае, так і палітычнае)

павінна ўспрымаць персону Лукашэнкі выключна як вайсковага злачынцу, які разам з Пуціным панясе адказнасць за свае злачынствы. А не як чалавека, які сваімі дзеяннямі імкнецца неяк дапамагчы Украіне.

Чытайце таксама:

«Разам з расійскай зброяй можа з’явіцца і расійская вайсковая база. А выперці іх будзе складана». Якія наступствы атрымае Беларусь праз размяшчэнне ядзернай зброі на сваёй тэрыторыі

Дзе размесцяць расійскую ядзерную зброю, выбух якой можа знішчыць цэлы горад?

Лукашэнка заявіў, што Расія была гатовая заключыць «дагавор аб урэгуляванні канфлікту» ва Украіне

Nashaniva.com