У Крамлі не пацвердзілі словы Лукашэнкі, што ядзерную зброю ўжо завозяць у Беларусь

Без каментароў пакінуў пытанне аб тым, ці сапраўды працэс перамяшчэння нестратэгічнай ядзернай зброі з Расіі на тэрыторыю Беларусі ўжо пачаўся, прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, піша ТАСС.

26.05.2023 / 15:51

Дзмітрый Пяскоў. Фота: The Insider

25 мая Аляксандр Лукашэнка заявіў, што перамяшчэнне тактычнай ядзернай зброі з Расіі на тэрыторыю Беларусі ўжо пачалося, і Пяскова папрасілі пракаментаваць гэтую заяву.

Замест адказу Пяскоў расказаў, што Беларусь нібыта «сутыкаецца з вельмі недружалюбнымі, калі не сказаць больш — варожымі, — праявамі з боку суседніх для яе дзяржаў»:

«Гэта ўсё патрабуе ад нас далейшага развіцця нашых саюзніцкіх адносін, умацавання гэтых адносін, якія маюць на ўвазе розныя галіны, у тым ліку і далейшае развіццё адносін у вайсковай сферы. Што мы і робім», — сказаў ён.

Калі ж Пяскова перапыталі, ці сапраўды працэс перамяшчэння нестратэгічнай ядзернай зброі з Расіі на тэрыторыю Беларусі ўжо пачаўся, ён адказаў, што ўжо «сказаў тое, што сказаў, па гэтай тэме», фактычна такім чынам ад прамога адказу ўхіліўшыся.

Чытайце таксама:

«Разам з расійскай зброяй можа з’явіцца і расійская вайсковая база. А выперці іх будзе складана». Якія наступствы атрымае Беларусь праз размяшчэнне ядзернай зброі на сваёй тэрыторыі

Дзе размесцяць расійскую ядзерную зброю, выбух якой можа знішчыць цэлы горад? 

Размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі не будзе азначаць рэальную эскалацыю з боку РФ — ISW

Nashaniva.com