Ва Украіне 17-гадовага карэкціроўшчыка расійскай артылерыі асудзілі на 10 гадоў калоніі

Вясной 2022 года непаўналетні жыхар Бахмута ў тэлеграме пазнаёміўся з інфарматарам расійскіх спецслужбаў ды пагадзіўся дапамагчы весці баявыя дзеянні супраць узброеных сіл Украіны.

25.05.2023 / 15:30

З 30 мая і да 19 ліпеня ён перадаваў інфармацыю аб размяшчэнні ўкраінскіх вайскоўцаў і наступствах расійскіх абстрэлаў — дасылаў скрыншоты карт з адзнакамі і галасавыя паведамленні, піша «Украінская праўда».

Яго суразмоўца, у сваю чаргу, атрыманую інфармацыю перадаваў сакрэтнаму пазаштатнаму супрацоўніку «ДНР» і былому начальніку разведкі артылерыі 100-й брыгады ДНР.

У чэрвені 2022-га хлопца дадалі ў закрытую групу ў тэлеграме, удзельнікамі якой былі работнікі спецслужбаў РФ і незаконных узброеных фармаванняў, а таксама іншыя завербаваныя карэкціроўшчыкі.

12 ліпеня 2022 года хлопец перадаў скрыншоты карты з адзнакамі пра месцазнаходжанне асабістага складу і ваеннай тэхнікі і сродак сувязі Starlink. 19 ліпеня расіяне абстралялі гэтую пазіцыю. У той жа дзень абвінавачаны схадзіў у разведку на месца траплення ракет.

Пасля гэтага ён паведаміў, што ўкраінскія вайскоўцы ўсё яшчэ там застаюцца. 22 ліпеня акупанты абстралялі аб'ект другі раз.

Хлопца затрымалі ў жніўні 2022 года і ўзялі пад варту. Зараз яму не больш за 17 гадоў.

Дзеянні абвінавачанага кваліфікавалі як калабаранцтва.

У судзе юнак віну прызнаў цалкам і ад дачы паказанняў адмовіўся. Яго прысудзілі да 10 гадоў турэмнага пакарання.

Nashaniva.com