Лукашэнка прыгразіў губернатарам, што здзярэ з іх скуру. За што?

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад адказных асоб узмацніць якасць і даступнасць медыцынскай дапамогі на вёсцы. Пра гэта ён заявіў на нарадзе па актуальных пытаннях аховы здароўя, піша БелТА.

23.05.2023 / 11:43

Стаіць кіраўнік Гродзенскай вобласці, былы міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Фота прэс-службы Лукашэнкі

У якасці вострай праблемы Лукашэнка пазначыў даступнасць і якасць медыцынскай дапамогі ў вёсцы. «Я вам ніколі за сяло не дарую. Ніколі! Запомніце гэта. Перш за ўсё губернатары. Я з вас скуру здзяру, але вы навядзе там парадак!» — падкрэсліў Лукашэнка.

«Вы ведаеце, я здаю сабе справу, з кім я сёння размаўляю і хто мяне пачуе. Гэта ж белая костка — дактары. Хіба іх можна крытыкаваць? Не! Ну так запомніце: я ні перад чым не спынюся і парадак тут будзе наведзены! Нават калі палова з вас сыдзе. Але я буду ведаць, з кім я буду працаваць. Абнаглелі да апошняй ступені. Бегаюць вакол начальнікаў ад раённага звяна да Лукашэнкі. Толькі іх прыгожа ўмеем лячыць. А звычайныя людзі, якія ўтрымліваюць гэта ўсё? Апусціцеся на зямлю! Ад нас, у гэтай зале, залежыць наогул усё ў краіне», — падкрэсліў Лукашэнка.

«Куды глядзяць губернатары? Бо гэта іх перш за ўсё сфера адказнасці — культура, спорт, адукацыя, ахова здароўя. Бальніцы і школы ў вас жа. Куды глядзяць начальнікі ўпраўленняў аховы здароўя? І наогул, навошта яны вам пры такой працы? Кіраўнікі цэнтраў гігіены, старшыні райвыканкамаў … урад, Міністэрства аховы здароўя ведаюць пра гэтыя праблемы ці не? А вось ведаць і кантраляваць вы павінны», — сказаў ён.

Лукашэнка дадаў што тымі пытаннямі, якімі займалася створаная па даручэнні незалежная рабочая група, павінны штодня займацца міністр і яго каманда — Міністэрства аховы здароўя. «Там усе спецыялісты сканцэнтраваны. Гэта яны павінны ствараць групы і камісіі і глядзець, што адбываецца на месцах. Атрымліваецца як заўсёды: куды я не даехаў, там ціш», — адзначыў Лукашэнка.

Nashaniva.com