Разбітую гітару Курта Кабэйна прадалі на аўкцыёне амаль за 600 тысяч даляраў

Электрагітару Fender Stratocaster, якая належала фронтмэну Nirvana, купілі на аўкцыёне за $596 тысяч. Асоба пакупніка не раскрываецца. Першапачаткова інструмент ацэньвалі ў $60-80 тысяч.

21.05.2023 / 20:48

Так выглядае разбітая Куртам гітара.

Курт Кабэйн разбіў гэтую гітару на сцэне нью-ёркскага Hard Rock Cafe ў пачатку 1990-х. У той час Nirvana працавала над сваім другім і самым паспяховым альбомам Nevermind. Пасля гітару аднавілі, але граць на ёй больш нельга, піша Бі-бі-сі.

На гітары ёсць аўтографы ўсіх трох удзельнікаў Nirvana. Вядома, што ў 1992 годзе Кабэйн падарыў яе свайму сябру, удзельніку гранж-групы Screaming Trees Марку Ланегану. Летась Ланеган памёр, пасля чаго гітару і выставілі на аўкцыён.

«Кабэйн на сцэне быў машынай. Можна было адчуць усю ягоную лютасць. У тым ліку яна была ў тым, як ён абыходзіўся са сваімі інструментамі», — сказаў прадстаўнік Julien's Кодзі Фрэдэрык.

Два гады таму акустычная гітара, якую Кабэйн выкарыстаў для свайго легендарнага выступу на MTV Unplugged у канцы 1993 года, была прададзеная за 6 мільёнаў даляраў.

Nashaniva.com