У Мазыры зноў заявілі пра будаўніцтва лядовай арэны. Яе абяцаюць аж з 2009 года

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко падчас культурна-спартыўнага фестывалю «Вытокi» паведаміў пра планы пабудаваць лядовую арэну ў Мазыры, перадае БелТА.

20.05.2023 / 18:48

Фота: Wikimedia Commons

Пры наведванні разам з прэзідэнтам НАК Віктарам Лукашэнкам і старшынёй ФПБ Міхаілам Ордам адной з лядовых арэн у Жлобіне, дзе праходзіць фестываль, старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко паведаміў:

«Цяпер будуем арэну ў Светлагорску, наступны на чарзе — Мазыр, з якім суседнічаюць Нароўля, Калінкавічы. Ёсць упэўненасць, што ахвотных займацца спортам досыць шмат».

Гэтым планам ужо больш за 10 гадоў. Яшчэ ў 2009 годзе старшыня камітэта па будаўніцтве і архітэктуры Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Гарбачоў паведамляў, што да 2012 года ў вобласці пабудуюць 7 лядовых арэн: у Калінкавічах, Рэчыцы, Светлагорску, Мазыры, Рагачове і яшчэ дзве ў Гомелі. Умяшчальнасць новых арэн мусіла складаць у сярэднім ад 500 да 1000 чалавек. Станам на 2023 год у Гомельскай вобласці лядовыя арэны дзейнічаюць толькі ў Гомелі і ў Жлобіне, праўда, у абодвух выпадках адразу па дзве.

У рамках рэалізацыі праграмы «Прыпяцкае Палессе» ў Мазыры нават пачалі будаўніцтва манструознага лядовага палаца па вуліцы Рыжкова, над адным са шматлікіх мазырскіх яроў. Планавалася, што яго ўзвядуць на працягу 2011-2013 гадоў. Арыенціровачны кошт палаца складаў 40 млрд рублёў. Меркавалася, што арэну можна будзе выкарыстоўваць не толькі для заняткаў па хакеі, фігурным катанні і іншых зімовых відах спорту, але і для правядзення масавых культурных мерапрыемстваў.

Але ўжо ў канцы 2012 года мясцовыя выданні заўважалі, што работы спыніліся і на будаўнічую пляцоўку можна спакойна зайсці. Верагодна, на спыненні будаўніцтва адбіліся наступствы эканамічнага крызісу 2011 года. Палац ператварыўся ў чарговы даўгабуд.

Закінутая будоўля лядовай арэны ў Мазыры ў 2012 годзе. Фота: Сильные Новости

У 2019 годзе тагачасны міністр спорту Сяргей Кавальчук, які правёў у горадзе выязны прыём грамадзян і наведаў ягоныя спартыўныя аб'екты, адзначаў: 

«Горад Мазыр — вялікі, але ні лядовай арэны, ні крытага манежа для заняткаў узімку футболам няма. Напэўна, гэта праблема такіх раённых цэнтраў, як Мазыр — з такой колькасцю насельніцтва».

У тым жа годзе актывізаваліся будаўнічыя работы на аб’екце, а ўжо ў 2020 годзе новая «Палессе Арэна» была афіцыйна адкрытая для наведвальнікаў. Тут размясцілася спартыўная зала для правядзення гульняў па валейболе, міні-футболе і баскетболе, а таксама аздараўленчы комплекс з басейнам, джакузі і саўнай.

А вось зімовым відам спорту ў новай арэне месца не знайшлося.

Скончаны будынак ФАК «Палессе Арэна». Фота: Жыццё Палесся

Бум будаўніцтва лядовых палацаў у Беларусі прыпаў на 2000-я і звязваецца з тым, што Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў 1990-я гады захапіўся хакеем і стаў, паводле меркавання дзяржаўнай прапаганды, капітанам «наймацнейшай аматарскай каманды свету». Другая хваля выпала збольшага на долю Мінска, які ў 2014 годзе прымаў чэмпіянат свету па хакеі з шайбай. У наш час у Беларусі налічваецца ўжо больш за 40 лядовых палацаў.

Чытайце таксама:

У Астраўцы адкрылі новую лядовую арэну

Гатэль на Маякоўскага, былы Дом друку. Які лёс чакае вядомыя сталічныя даўгабуды

Зносяць ГЦ «Гулівер». Што і калі тут пабудуюць

Ф. Раўбіч