Беларусаў, што вывесілі беларускі і ўкраінскі сцягі на апоры ЛЭП, будуць судзіць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса

За вывешаныя ў кастрычніку мінулага года бела-чырвона-белы і ўкраінскі сцягі ў Мінску супраць групы мінчукоў заведзены крымінальныя справы паводле некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Падрабязнасці распавёў Следчы камітэт.

17.05.2023 / 14:58

Скрыншот відэа

СК піша, што ў лютым мінулага года 36-гадовы індывідуальны прадпрымальнік вырашыў вырабіць украінскі і бела-чырвона-белы сцягі. Дзеля гэтага ён звярнуўся да знаёмай краўчыхі.

У кастрычніку ён з сябрамі вырашылі вывесіць сцягі на ўсеагульны агляд. Задума была рэалізаваная на высакавольтнай апоры, размешчанай на скрыжаванні вуліц Рафіева і Семянякі, два чалавекі вывешвалі сцягі, а астатнія ўдзельнікі кантралявалі абстаноўку, знаходзячыся ўнізе.

Ужо на наступны дзень у адным з тэлеграм-каналаў, прызнаным экстрэмісцкім, з'явілася публікацыя аб праведзенай акцыі.

Праз некалькі дзён людзей затрымала міліцыя. Таксама паведамляецца, што той самы 36-гадовы мінчук паўгода размяшчаў у інтэрнеце каментары, якія абражалі Лукашэнку, а таксама неаднаразова пералічваў грошы для фінансавання «экстрэмісцкай дзейнасці».

У выніку ўсім ім выстаўленыя абвінавачванні па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса:

ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства);

арт. 361-2 (прадастаўленне грашовых сродкаў, для заведамага забеспячэння дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання);

ч. 1 арт. 368 (публічная абраза Лукашэнкі);

ч. 4 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове);

Да пяці з іх з санкцыі пракурора прыменена мера стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту.

Nashaniva.com