«Яны пыталіся, чаму пра нас не расказаў?». Гэты былы прэзідэнт расказаў, як кантактаваў з іншапланецянамі

Былы прэзідэнт Калмыкіі (1993—2010) у інтэрв'ю Sports.ru расказаў, як кантакт адбыўся ў верасні 1997 года ў Маскве і яго забралі да сябе проста з балкона.

16.05.2023 / 07:21

Кірсан Ілюмжынаў

«Верасень 1997 года, Масква. Яны паклікалі на балкон. Я выйшаў і неўзабаве апынуўся ў іх на караблі. Усё проста. Я пытаўся, чаму яны не раскрыюцца, не раскажуць усім пра сябе. Адзін з іх адказаў: «Ну, вы ж з мурашкамі не маеце зносіны. Узровень цывілізацыі ў вас яшчэ не дарос».

Калі апынуўся дома, спачатку падумаў, што прыснілася. Але потым памочнік і кіроўца распавядалі, што гадзіну шукалі мяне ў кватэры — усё перакапалі. Паспелі запанікаваць. А потым раз — і я матэрыялізаваўся. Хутчэй за ўсё, версія пра сон была іх унушэннем — каб я не звар'яцеў. Усё ж па-рознаму рэагуюць.

— Мне некалькі прэзідэнтаў дзяржаў распавядалі, што ў іх быў кантакт з іншапланецянамі. Не гавораць пра гэта публічна, таму што баяцца — раптам іх прымуць за вар'ятаў.

Васілій Смыслоў [шахматыст — НН] прызнаваўся мне, што іх з жонкай Надзеяй таксама забіралі. Насамрэч такіх людзей не так мала».

Па словах Ілюмжынава, іншапланецяне былі вышэйшыя за сярэдні рост, у жоўтых скафандрах.

Ён кажа, што спачатку не хацеў расказваць сябрам пра кантакт, але іншапланецяне потым зноў прыйшлі;

«Пачалі пытацца: «Чаму не распавёў пра нас? Чаму маўчыш? Ці баішся?» Я патлумачыў, што, калі б усё распавёў Вася Пупкін, людзі б махнулі рукой — ну, перапіў. А калі пра такое заяўляе прэзідэнт Калмыкіі і ФІДЭ [Міжнароднай шахматнай федэрацыі — НН] — гэта ўжо іншае.

Нават браў аркуш паперы, лічыў плюсы і мінусы. Апошняга было больш: будуць смяяцца сваякі, дастануць журналісты, Барыс Ельцын можа не зразумець. Ён сказаў: «Кірсан, ідзі працуй». Але ў іх ёсць свае звесткі. Невыпадкова Уладзімір Пуцін нядаўна даў даручэнне Курчатаўскаму інстытуту займацца неапазнанымі аб'ектамі. У Лондане існуе цэлы аддзел ва ўрадзе. У Папы Рымскага — асобная абсерваторыя.

Вось з мяне дагэтуль смяюцца. Але мы што, ад малпы пайшлі? З рэбра? Ды наўрад ці. Нядаўна быў Вялікдзень. Не хачу блюзнерыць, але атрымліваецца, чалавек хадзіў па вадзе, яго ўкрыжавалі, а ён уваскрос і паляцеў на неба — і ў гэта мільярды вераць. А я кажу пра іншапланецян, і мяне называюць вар'ятам. Але хіба адно больш неверагоднае, чым іншае?

Мяне проста забралі і вярнулі… Я прабыў 8 гадзін і задаваў мора пытанняў. Ім таксама многае было цікава. Спачатку я памятаў усё дасканала, а з часам нешта стала сцірацца.

Гэта цяпер модна хайпаваць. Але на той момант такога паняцця не было, ды я і сам быў папулярны. Навошта мне вядомасць са знакам мінус? Проста вырашыў расказаць, як было. Тым больш, яны самі папрасілі.

Па словах Ілюмжынава, больш кантактаў не было.

«Пакуль не, але я б хацеў. Спытаў бы, чаму яны да гэтага часу ўсё яшчэ не раскрываюцца. Іх жа поўна вакол нас. Яшчэ Цыялкоўскі пісаў, што наша галактыка кішыць рознымі цывілізацыямі. Вось мурашка поўзае і думае, што свет абмяжоўваецца тым, што яна бачыць. А вакол столькі ўсяго! Так і ў нас», — дадаў Ілюмжынаў.

Таксама ён расказаў у інтэрв'ю, як сустракаўся з Далай Ламай, як неаіндуісцкі рэлігійны лідар і гуру Саі Баба матэрыялізаваў яму залаты пярсцёнак з паветра і сустракаўся з Вангай, якая прадказала яму прэзідэнцтва.

Чытайце таксама:

Лукашэнка дамовіўся з Ілюмжынавым аб правядзенні ў Мінску буйных шахматных турніраў

Nashaniva.com