У фінал Еўрабачання прайшла песня пра Лукашэнку і Пуціна

На папулярным песенным конкурсе Еўрабачанне-2023, які пачаўся на гэтым тыдні ў англійскім Ліверпулі, прайшоў у фінал харвацкі гурт з парадыйным нумарам, у якім гледачы знайшлі адсылкі да вобразаў Пуціна і Лукашэнкі.

10.05.2023 / 19:37

У сваім выступе гурт Let 3 некалькі разоў паўтарыў выразы «мама купіла трактар», «мама, я іду ваяваць», а адзін з музыкаў вынес на сцэну імправізаваныя ракеты.

Пазней артысты раскрылі сваю ідэю — у выступленні яны выкарыстоўвалі зборны вобраз сучасных дыктатараў. Калектыў удакладніў, што гаворка ў песні ідзе не толькі пра поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, але яна таксама тычыцца ўсіх войнаў, якія вядуцца на планеце.

Пры гэтым лідар гурта заявіў, што наяўныя ў тэксце песні словы «подлы дробны псіхапат» сапраўды з'яўляюцца адсылкай да Уладзіміра Пуціна.

Сёлета конкурс Еўрабачанне мусіла па ягоных звычайных правілах прыняць Украіна, выканаўцы з якой перамаглі летась, але гэта ва ўмовах вайны, якая працягваецца, немагчыма. Таму замест Украіны Еўрабачанне прымае Вялікабрытанія. Расія і Беларусь як суагрэсары да конкурсу не дапусцілі, а ўсяго ў ім сёлета бяруць удзел 37 краін.

Чытайце таксама:

Вызначыліся першыя фіналісты Еўрабачання

Еўрабачанне-2023: вось топ-10 песень, якія могуць перамагчы

Квіткі на фінал сёлетняга Еўрабачання распрадалі за 36 хвілін

Nashaniva.com