У Вільні першае рашэнне новага мэра — будуць касіць газоны як даўней

Папярэдні мэр увёў мінімальнае кашэнне газонаў. Такім чынам спадзяваліся аднавіць лугі і палепшыць экалогію.

08.05.2023 / 12:54

Вільня, старая сядзіба ў раёне Звярынец. Фота: Наша Ніва

Апошнія гады пад «англійскі газон» у Вільні касілі толькі траву на цэнтральных плошчах, у жылых зонах і ў месцах адпачынку. А вось уздоўж дарог і на адхонах, а таксама ў зонах, дзе людзі не ходзяць, касілі два разы на год, мінімальна, пасля адцвітання траўніка. Гэтую практыку літоўцы перанялі ад скандынаваў і швейцарцаў. Яна мела спрыяць аднаўленню біяразнастайнасці і меншаму награванню горада летам, бо кошаны газон награецца нашмат мацней, чым някошаны луг. 

Аднак такое рашэнне гарадскіх уладаў выклікала крытыку: зарослыя вуліцы і лужкі сталі глядзецца нібы занядбаныя, а жывёлы і людзі сталі часцей лавіць кляшчоў.

У выніку новы мэр горада, хрысціянскі дэмакрат Валдас Бянкунскас першым рашэннем змяніў расклад кашэння. Зараз Вільня будзе ў гэтым сэнсе зноў выглядаць як Мінск.

Nashaniva.com