ЗША дадуць Польшчы баявыя верталёты Apache

Злучаныя Штаты дадуць Польшчы восем верталётаў Apache, пакуль Польшча не атрымае ўласныя машыны, заявіў польскі міністр нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак у пятніцу пасля сустрэчы з міністрам абароны ЗША Лойдам Осцінам у Пентагоне.

05.05.2023 / 22:29

Баявы верталёт AH-64E Apache. Фота: Spike NLOS / ©thedrive

«Армія ЗША дасць нам верталёты Apache са сваіх уласных рэсурсаў, яшчэ да падпісання кантракту на набыццё 96 верталётаў. Гэта вельмі важны патэнцыял, таму я ўдзячны дзяржсакратару Осціну за гэта рашэнне», — сказаў Блашчак падчас прэс-брыфінгу ля помніка ваярам марской пяхоты ЗША ў Арлінгтане, штат Вашынгтон.

Як ён растлумачыў, сухапутныя сілы ЗША перададуць Польшчы восем машын, праз некалькі тыдняў пачнецца навучанне польскіх пілотаў, і, верагодна, у наступным годзе верталёты адправяцца на ўсход Польшчы для ўмацавання, як кажуць палякі, «Брэсцкай брамы», то-бок мяжы з Беларуссю.

«Чаму Apache важныя? Таму што яны выдатна працуюць з «Абрамсамі», таму што яны пойдуць на ўсходні фланг НАТА, у 18-ю механізаваную дывізію, у 1-ю брыгаду ВПС, каб разам з «Абрамсамі» закрыць «Брэсцкую браму», зрабіць з яе непраходную плаціну», — сказаў кіраўнік Мінабароны.

У мінулым годзе Польшча выказала жаданне атрымаць 96 верталётаў AH-64 Apache, але дата магчымых паставак пакуль невядомая. Набыццё машын Польшчай павінны яшчэ зацвердзіць Кангрэс і Дзярждэпартамэнт.

Чытайце таксама:

У Польшчы хочуць стварыць «Акадэмію HIMARS»

Польшча ўмацуе граніцу з Расіяй «Хаймарсамі»

Польшча размесціць у сябе базу для ВПС ЗША

Nashaniva.com